Жыхар Магілёва памёр падчас пікніка на лецішчы, падавіўшыся шашлыком. Падрабязнасці інцыдэнту расказалі ў Дзяржкамітэце судовых экспертыз.
Мужчына адпачываў на прыродзе разам з сям’ёй. Падчас пікніка ён падавіўся шашлыком і пачаў задыхацца.
«Нягледзячы на тое што сваякам удалося выцягнуць захраслы кавалак мяса, ад кіслароднага галадання адбылася гібель мозгу і спынілася сардэчная дзейнасць», — паведамілі ў ДКСЭ.
Эксперт, які абследаваў цела загінулага, высветліў, што мужчына глытаў вялікія кавалкі мяса, амаль не перажоўваючы. Акрамя таго, хімічная экспертыза выявіла ў яго крыві этылавы спірт у канцэнтрацыі, якая адпавядае сярэдняй ступені ап’янення.
Судовыя эксперты нагадалі, што смерць падчас механічнай асфіксіі праз траплянне ў дыхальныя шляхі іншароднага цела можа адбыцца вельмі хутка — ужо праз паўтары хвіліны пацярпелы страчвае прытомнасць, яшчэ праз тры-пяць хвілін можа памерці: недахоп кіслароду жыццёва важным органам, у першую чаргу мозгу, прыводзіць да спынення сардэчнай дзейнасці.
«Каб пазбегнуць няшчасных выпадкаў варта старанна перажоўваць цвёрдую ежу, папярэдне рэзаць яе на дробныя кавалкі», — адзначылі ў ДКСЭ.
Чалавека, які не можа дыхаць праз іншароднае цела, можа выратаваць прыём Геймліха:
- трэба стаць ззаду пацярпелага, абхапіць яго жывот пад рэбрамі абедзвюма рукамі;
- сціснуць руку ў кулак і часткай кулака з боку вялікага пальца прыціснуць жывот паміж пупком і рэбрамі;
- далонь другой рукі пакласці на кулак і штуршкамі ўверх уціснуць яго ў жывот — паўтараць прыём да поўнага вызвалення дыхальных шляхоў пацярпелага.