Опубликовано 9 лiстапада 2022 у 11.12
Адрес в интернете: https://zerkalo-by-read.store/news/life/25730.html    

У Мінску закрылася моднае фуд-месца, пра якое гаварыў увесь горад? Разбіраемся, што адбылося з «Лучшей улицей»

У канцы лета ў дворыку завода «‎Луч» з’явілася новае месца з вулічнай ежай — «‎Лучшая улица». Арганізатары анансавалі, што яно будзе працаваць цэлы год, але, мяркуючы па ўсім, нешта пайшло не так. І калі перад адкрыццём новага моднага праекта пра яго гаварылі ўсе, то яго раптоўнае закрыццё засталося амаль незаўважаным. Citydog паспрабаваў разабрацца, што ж усё-такі адбылося.

Фото: CityDog.io
Фота: CityDog.io

Як усё пачыналася: ажыятаж у СМІ і некалькі пераносаў адкрыцця

У пачатку ліпеня дворык завода «Луч» за пяць хвілін ад «Парку Чалюскінцаў» пачалі актыўна размалёўваць графіці і мураламі, а ў Instagram з’явіўся акаўнт новага фуд-корта. Там размясцілі пост пра набор аператараў і анансавалі хуткае адкрыццё.

Чаканняў ад новага праекта ў мінчан было шмат: яркае месца ў стылі лацінаамерыканскіх кварталаў, дзе абяцалі карміць, паіць, ладзіць івэнты і, у адрозненне ад канкурэнтаў, працаваць круглы год, мусіла стаць новым пунктам прыцягнення.

Цікавасць падагравалі СМІ і блогеры, якія рабілі шмат аглядаў і быццам знарок укідвалі розныя даты адкрыцця.

Спачатку казалі, што праект запрацуе 22 ліпеня, потым з’явілася інфармацыя, што фудкорт адкрыюць 1 жніўня, — але і гэтага не адбылося. У выніку «Лучшая улица» пачала прымаць наведнікаў 12 жніўня — але ў тэставым рэжыме.

Citydog таксама пабываў там у гэты дзень: людзей, нягледзячы на сярэдзіну пятніцы, ужо было дастаткова, але ўсё ж склалася ўражанне, што дарабіць усё своечасова арганізатары не паспелі. Працавала ўсяго некалькі фуд-тракаў — на астатніх ці яшчэ зусім не было шыльдаў з назвамі, ці яны былі ў працэсе напаўнення, ці, здаецца, і адкрыліся, але абслугоўваць наведнікаў пакуль не пачалі.

Мінчане пілілі яркія сторыс на фоне муралаў і пісалі, што ежа на вуліцы скончылася ўжо праз некалькі гадзін.

За першыя тры дні працы ў тэставым рэжыме, паводле дадзеных арганізатараў, фудкорт наведала каля 20 000 чалавек. Дату афіцыйнага адкрыцця абяцалі паведаміць пазней і зладзіць з гэтай нагоды мерапрыемства з выступамі артыстаў і кавер-бэндаў і майстар-класамі — але, мабыць, вырашылі, што гэта ўжо не актуальна.

Фото: CityDog.io
Фота: CityDog.io

Што адбывалася на вуліцы цягам гэтых двух месяцаў

На этапе запуску «‎Лучшей улицы» анансавалі, што наведнікаў будуць чакаць 28 фуд-тракаў — ад еўрапейскай да кубінскай кухняў, — але ў верасні іх працавала ўсяго 15. Прычым у каментарах пад Instagram-пастамі мінчане наракалі, што, нягледзячы на абвешчаны рэжым працы з 12 дня, у гэты час шмат установаў заставалася закрытымі — і нават праз некалькі гадзін адкрываліся не ўсе.

Ды і сам час працы вуліцы падкарэктавалі: калі першапачаткова заяўлялі, што чакаюць гасцей штодня з 12.00 да 2.00, то пазней пачалі закрывацца ў 23.00.

Нягледзячы на гэта, за два месяцы з лішкам на «Лучшей улице» паспелі правесці «Бачата open air», Family days з аніматарамі і конкурсамі, модны паказ беларускіх дызайнераў, «Гарошак-маркет» і некалькі закрытых мерапрыемстваў. У выходныя тут гралі дыджэі і кавер-бэнды, ладзілі гульні і караоке, паказвалі жывыя трансляцыі футбольных матчаў. Прайшло і некалькі кінапаказаў — але потым іх раптам адмянілі па тэхнічных прычынах.

А 13 кастрычніка ў акаўнце праекта раптам з’явілася наступнае паведамленне: «Сябры, „Лучшая улица“ сыходзіць на канікулы! З 15 кастрычніка мы закрываем нашу браму да новага фуд-сезона, але абавязкова вернемся на навагоднія святы. А сустрэнемся з вамі ўжо наступнай вясной з абнаўленнямі. Сачыце за намі ў сацыяльных сетках, каб не прапусціць калядныя акцыі і гулянні».

Фото: CityDog.io
Фота: CityDog.io

Што магло пайсці не так: «Мінск цяпер патрабуе не больш чым адной вулічнай фуд-пляцоўкі»

CityDog.io звярнуўся па каментар да «‎Лучшей улицы», але на наш запыт, на жаль, не адказалі. Таму выданне папрасіла выказаць здагадку, што магло пайсці не так, аднаго з мінскіх рэстаратараў, які пажадаў застацца ананімным.

— У чым, на вашую думку, можа быць прычына такога хуткага закрыцця вуліцы?

— Я там ні разу не быў, але дапускаю праблемы з якасцю і стабільнасцю ежы. Цалкам дакладна горад цяпер не патрабуе больш чым адной вулічнай фуд-пляцоўкі.

Напэўна не самы ўдалы сезон: верасень быў жудасны з пункту гледжання надвор’я — то-бок камфорту вулічнай ежы, а фінансавай падушкі стваральнікі, мабыць, не заклалі.

І месца не зусім удалае, бо ў пешай даступнасці няма вялікіх сучасных кварталаў, а для наведвання такіх праектаў вельмі важная маладая аўдыторыя. І, адпаведна, гэта не цэнтр, куды ўсё ж людзі з’язджаюцца часцей.

— Наколькі цяпер цяжка знайсці партнёраў для такіх праектаў? Ці лёгка ўстановы згаджаюцца адкрываць свае пункты на стрытфуд-вуліцах?

— Усё вельмі залежыць ад канцэпцыі, вядомасці ўстановы (або чалавека), рэкламных партнёраў і наогул жадання гэтым займацца — таму што нейкіх значных грошай на такіх стрытфуд-вуліцах ты не заробіш.

Але калі ты са сваім імем вырашыў улезці ў такое і пастаўшчык напою бясплатна гатовы даць табе брэндаваную палатку і зніжку на прадукт, а ўладальнік прасторы не задзірае для цябе цану за месца, то працаваць можна. Але такіх людзей і установаў у горадзе я ведаю адзінкі.

Фото: CityDog.io
Фота: CityDog.io

— Можа, цяпер праблемы з пастаўкамі прадуктаў і алкаголю — і рэч у гэтым?

— Няма праблем.

— Людзям наогул да ежы і забаваў у цяперашніх рэаліях?

— Людзям заўсёды да ежы, пытанне толькі, дзе і за колькі. Думаю, што тут рэч не ў «не да забаваў» — проста не асабліва актуальны фармат для нашых шырот. «Пясочніца» таксама не тое каб хайпуе апошнія сезоны.

У нас не так шмат цёплых месяцаў, каб есці на вуліцы было камфортна. Ды і ўсе ўстановы горада са скуры лезуць, каб зрабіць свае тэрасы як мага цікавейшымі, лягчэйшымі і «прыроднейшымі». Да таго ж цэны на фуд-пляцоўках часта не надта адрозніваюцца ад цэн ва ўстановах з поўным сэрвісам і камфортам.

— І тым не менш такія праекты, як «Пясочніца» або Lidbeer Dvor паспяхова працуюць ужо не першы сезон. Чаму ў іх атрымалася?

— Думаю, у Lidbeer Dvor ёсць бюджэт на падтрымку праекта ў цяжкія месяцы, а «Пясочніца» была першай і доўга адзінай — таму стала легендай і глыбока засела ў свядомасці людзей.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO