Выкарыстанне беларускай лацінкі для транслітарацыі нацыянальных геаграфічных назваў на вулічных указальніках у апошнія месяцы 2022-га актыўна крытыкавалі праўладныя актывісты і блогеры, патрабуючы адмяніць гэтую практыку. Улады абмеркавалі праблему 8 снежня на паседжанні Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы. Тады пра рашэнні нічога не паведамлялася — нібыта іх не было. Больш за тое, у той жа дзень чыноўнікі запэўнівалі, што транслітарацыя нікуды не падзенецца. Але, відаць, гэта няпраўда. У інтэрнэт трапіў дакумент, які сведчыць, што ўлады ўсё ж вырашылі адмовіцца ад лацінкі.
Дакумент апублікавалі ў адным з тэлеграм-каналаў, Ён уяўляе сабой дакладную запіску аб выкананні даручэння Лукашэнкі. Паводле крыніцы, аналагічныя дакументы рассылаюцца ў розныя дзяржаўныя ўстановы, у тым ліку школы, якія мусяць даць справаздачу пра выкананне — то-бок пра «выключэнне практыкі выкарыстання лацінкі».
Як гаворыцца ў дакуменце, пасля паседжання Рэспубліканскага савета па гістарычнай палітыцы пры Адміністрацыі прэзідэнта яе кіраўнік Ігар Сяргеенка накіраваў Аляксандру Лукашэнку дакладную запіску, дзе выклаў праблему.
Вось што адзначыў Сяргеенка:
Як піша далей кіраўнік адміністрацыі, на паседжанні савета па гістарычнай палітыцы ўсе ўдзельнікі, абмеркаваўшы пытанне, пагадзіліся, што лацінка на ўказальніках «ускладняе ўспрыманне інфармацыі і абцяжарвае арыентаванне».
«Пры гэтым было адзначана, што ў яе аснову пакладзены польскі варыянт лацінскай графікі, які з XVI стагоддзя выкарыстоўваўся з мэтай паланізацыі беларусаў разам з навязваннем каталіцтва», — гаворыцца ў дакладной запісцы на імя Лукашэнкі.
У выніку, піша Сяргеенка, савет прыняў рашэнне адмовіцца ад лацінкі.
«З улікам неабходнасці ўмацавання гістарычна-культурнай супольнасці беларускага народа, недапушчэння прасоўвання чужых пісьмовых традыцый і культурных каштоўнасцяў Рэспубліканскім саветам па гістарычнай палітыцы прынятае рашэнне рэкамендаваць мясцовым органам улады выключыць практыку выкарыстання лацінкі ў назвах вуліц і іншых тапаграфічных аб’ектаў і паступова вывесці яе з ужытку, выкарыстоўваючы толькі дзяржаўныя мовы», — гаворыцца ў дакуменце.
Дакладная запіска Сяргеенкі датуецца 14 снежня. Мяркуючы па апублікаваным дакуменце, пасля атрымання гэтай запіскі, 16 снежня, Аляксандр Лукашэнка падпісаў даручэнне № 10/87, якое загадвае дзяржорганам выключыць выкарыстанне лацінкі. І дзяржорганы прынялі гэтае даручэнне да выканання.
Дарэчы, арыгінальную інструкцыю па транслітарацыі геаграфічных назваў, тую самую пастанову Дзяржкамітэта па зямельных рэсурсах, геадэзіі і картаграфіі Рэспублікі Беларусь ад 23 лістапада 2000 г. № 15, цяпер практычна немагчыма знайсці ў адкрытым доступе ў актуальным выглядзе. З сайта Дзяржкамітэта па маёмасці, які кіруе пытаннямі картаграфіі, яе наогул прыбралі.
Распечатано с портала ZERKALO.IO