Наймацнейшая беларуская тэнісістка Арына Сабаленка прызналася, што на яе моцна паўплывалі негатыўныя каментары ў яе адрас пасля пачатку вайны ва Украіне, цытуе другую ракетку свету Express.co.uk са спасылкай на словы спартсменкі ў серыяле Break Point вытворчасці Netflix.
Адзначаецца, што ў дакументальным серыяле, другая частка якога выйдзе 21 чэрвеня, Сабаленка часам не магла стрымаць слёз у сувязі з вайной.
— Усе пачалі казаць: «Вы мусіце забаніць усіх гульцоў з Расіі і Беларусі», і я падумала, што ўсе глядзяць на мяне дзіўна, разумееце? Я адчувала, што ўсе мяне ненавідзяць праз маю краіну.
Арына таксама прызналася, што пасля аднаго з матчаў на «Ралан Гарос» (маецца на ўвазе леташні турнір) яна прачытала мноства негатыўных каментароў у свой адрас. І нават хацела скончыць з тэнісам.
Ад такога кроку беларуску ўтрымалі думкі пра бацьку, які маладым пайшоў з жыцця.
— Ён марыў, што мы будзем перамагаць на турнірах «Вялікага шлема» (сёлета Арына ўпершыню выйграла Australian open. — Заўв. рэд.). Падумала: «Я не магу кінуць тэніс». Тата б гэтага не зразумеў, — сказала Сабаленка.
Таксама ў серыі прыводзяцца словы трэнера спартсменкі Антона Дуброва:
— Вы пачынаеце адчуваць сябе сапраўды вінаватым [праз вайну], бо вашая краіна — частка гэтага. Але таксама вы мусіце быць вельмі асцярожныя, бо ў Беларусі вы не можаце сказаць ні слова пра тое, што адбываецца. Або калі вы проста скажаце слова «вайна», гэта ўсё роўна што «добра, ты памрэш у турме». Так што гэта вельмі складана.
Нагадаем, што 6 чэрвеня пасля пераможнага чвэрцьфіналу на «Ралан Гарос» у Францыі Сабаленка заявіла, што не падтрымлівае Лукашэнку «проста цяпер».