Сардэчна-сасудзістая сістэма народа цыманэ, які жыве ў трапічных лясах Амазонкі, старэе павольней, чым у еўрапейцаў і амерыканцаў. Да такой высновы прыйшла група навукоўцаў з Універсітэта Нью-Мексіка, перадае Бі-бі-сі.
Колькасць народа цыманэ — каля 16 тысяч чалавек. Гэта паўкачавая абшчына, якая жыве ў глыбіні трапічных лясоў Амазонкі за 600 кіламетраў на поўнач ад сталіцы Балівіі Ла-Паса. Яны вядуць цалкам натуральны лад жыцця, займаючыся паляваннем, збіральніцтвам і земляробствам.
Паводле звестак навукоўцаў, цыманэ бавяць у становішчы седзячы менш за 10% светлавога дня. Да прыкладу, яны могуць паляваць больш за восем гадзін і пераадолець за гэты час каля 18 кіламетраў.
Акрамя таго, прадстаўнікі народа жывуць за 100 кіламетраў ад найбліжэйшага горада і маюць абмежаваны доступ да апрацаваных прадуктаў харчавання, алкаголю і цыгарэт. Даследчыкі выявілі, што толькі 14% спажываных імі калорый прыпадае на тлушчы. Іх ежа багатая клятчаткай, а 72% калорый прыпадае на вугляводы.
Пры гэтым, як піша Бі-бі-сі, сярэдняя працягласць жыцця ў народа цыманэ — 45−50 гадоў. Навукоўцы лічаць, што гэта звязана з вялікай колькасцю інфекцый, з якімі даводзіцца змагацца прадстаўнікам народа. Таксама апошнім часам даследчыкі выявілі ў цыманэ некалькі выпадкаў дыябету і павышанага халестэрыну.
Раней навукоўцы высветлілі, што і мозг у прадстаўнікоў народа цыманэ старэе не так, як у іншых жыхароў зямлі. Навукоўцы арганізавалі камп’ютарную тамаграфію 746 дарослым прадстаўнікам народнасці ва ўзросце ад 40 да 94 гадоў. Сканаванне паказала, што ў сярэднім у цыманэ назіраецца больш павольнае скарачэнне аб’ёму мозгу па меры сталення ў параўнанні з іх аднагодкамі з Гамбурга (Германія), Сэнт-Луіса (ЗША) або Ратэрдама (Нідэрланды), гаварылася ў публікацыі The Journals of Gerontology.