Смерць міністра замежных спраў Уладзіміра Макея выклікала гарачыя спрэчкі аб тым, як трэба ацэньваць жыццёвы шлях нябожчыка, яго ролю ў найноўшай гісторыі Беларусі. Насамрэч гэта спрэчка — не пра Макея і нават не пра мінулае. А пра будучыню. Разважае Юрый Дракахруст.
Паказальна, што дыскусія — не пра факты, а пра інтэрпрэтацыі.
І многія з тых, хто ацэньвае памерлага міністра неадназначна, не забываюць пра тое зло, якое ён тварыў і ў 2010 годзе, і ў 2020 годзе, і пазней, не адмаўляюць таго, што ён быў верным слугой аўтарытарнага рэжыму.
Але і многія з тых, для каго ён — толькі слуга, толькі частка машыны прыгнёту і гвалту, не адмаўляюць, што ў перыяд 2015−2019 гадоў парадкі ў Беларусі былі не такімі, як цяпер, і адносіны з Захадам былі іншымі, чым цяпер. І што Макей быў прынамсі датычны да таго перыяду «адлігі» і ў пэўным сэнсе яго сімвалізаваў.
І насамрэч спрэчка — пра тое, як ацэньваць «адлігу», і ў рэтраспектыве, і ў перспектыве, у будучыні. Тое, што «адліга» — не «вясна», не інстытуцыйная змена грамадства, ясна ўсім. Але для тых, для каго Макей — гэта толькі зло, для іх і «адліга» — гэта таксама толькі зло, у нейкім сэнсе нават больш агіднае, падступнае і хлуслівае, чым цяперашняе, непрыкрытае і па-свойму шчырае.
Згодна з гэтым бачаннем тагачасныя паслабленні былі нічым іншым як прыпудрываннем, навядзеннем макіяжу на зверскую пысу рэжыму і па сутнасці яго ўмацаваннем, стварэннем яму дадатковых апор як унутры краіны, так і на міжнароднай арэне. У рамках гэтай ацэнкі Макей (дакладней, Лукашэнка) тады проста дурыў прастадушных заходніх палітыкаў і дыпламатаў, іх рукамі цэментуючы сваю нязменную сістэму. Словам, чым горш — тым лепш.
Жыццё ў Беларусі тады, аднак, было не ў прыклад вальней, чым зараз. І менавіта тады, у атмасферы вельмі адноснай і непаслядоўнай, але ўсё ж лібералізацыі адбываліся і сапраўды народныя, масавыя выступы — «антыдармаедзкія» пратэсты 2017 года і паўстанне 2020 года. Гэтак жа як і Плошча-2010 адбывалася на піку папярэдняй «адлігі».
Уяўляецца дастаткова відавочнай сувязь тых падзей і атмасферы, у якой яны адбываліся. У разгар «замаразкаў» ніякіх выбухаў не адбываецца, пачуццё самазахавання блакуе любую публічную праяву незадаволенасці. Незадаволеныя альбо дэманструюць лаяльнасць, няхай і ўяўную, альбо сыходзяць ва ўнутраную ці знешнюю эміграцыю.
Зрэшты, умела пашытую ідэалогію не могуць абвергнуць ніякія факты, яна іх пераінтэрпрэтуе і ператварае ў сваё пацверджанне. Аднак спрэчка аб тым, добрыя ці дрэнныя «адлігі» — не зусім тэарэтычная. Яна мае і практычнае вымярэнне — які механізм можа спыніць цяперашні каток тэрору ў Беларусі, які набірае абароты.
Уявім сабе размову двух чыноўнікаў: жывога-здаровага ўмоўнага «Макея-2» і яго больш кансерватыўнага калегі — у пагонах або без пагонаў. Ці гэта галасы ў галаве Лукашэнкі. "Макей-2" кажа, што лейцы трэба бы неяк прыслабіць. Прыводзячы, зразумела, аргументы, што гэта будзе спрыяць умацаванню рэжыму, пашырэнню яго базы ў краіне і за мяжой. Іншыя аргументы там не працуюць, іх не прыводзіў у размовах паміж сваімі і сам Уладзімір Макей, не будзе і яго рэінкарнацыя.
А яго суразмоўца — не абавязкова садыст і дурань — адкажа: «Ты бачыў, як „змагары“ рэагавалі на смерць Макея? Ім палец дай — яны па плячо руку адкусяць, а потым і галаву. Яны ўспрымуць тое, што ты прапануеш, не як крок ім насустрач, а як нашу слабасць. І зробяць выснову — трэба валіць рэжым далей. І табе дзякуй не скажуць. А ў выпадку, калі ім пашанцуе — мяне павесяць першым, а цябе — другім. І плюнуць на тваю магілу, як зараз плююць на магілу Макея. Табе гэта трэба?»
Ну вось неяк так працуе палітыка-псіхалагічны механізм, які блакуе любыя змены цяперашняй палітыкі.
Ясна, што ён грунтуецца на цяперашнім стане розумаў у Беларусі. Я пісаў на «Зеркале»,
на падставе дадзеных апытанняў Chatham House, аб прорве беларускага расколу, аб тым, што перакананыя праціўнік і прыхільнікі ўлады ненавідзяць адзін аднаго. Рэакцыя публікі на смерць Макея — яшчэ адзін вельмі пераканаўчы доказ гэтага расколу.
І ўсё выходзіць як бы заканамерна, кожны наступны крок вызначаецца папярэднімі, і не разарваць гэтае зачараванае кола. А ў цэлым атрымліваецца, як у антычнай трагедыі, дзе ход падзей вызначаюць не людзі, а няўмольны рок.
Дарэчы, надзеі тых, для каго «адлігі» агідней «замаразкаў» — таксама ў стылі антычнай трагедыі. На deus ex machina — быў тады такі драматургічны прыём, калі на сцэну, дзе ўсё заблыталася, спускаецца зверху бог на вяровачцы і наводзіць парадак.
А можа, эканоміка ляснецца да нуля і тады ўжо народ абавязкова ўзнімецца і знясе гэты зверскі рэжым.
А можа, Расія прайграе вайну ў пух і прах і полк Каліноўскага пройдзе да Мінска як нож скрозь масла і вызваліць радзіму.
А можа, Лукашэнка пашле войска на вайну, а яно паверне штыкі і скіне яго.
Дарэчы, усё гэта можа і адбыцца — і разам, і паасобку. Цуды ў жыцці здараюцца, «чорныя лебедзі» часам, і не так ужо рэдка, прылятаюць. Але варта адзначыць, што па прыродзе ўсе гэтыя сцэнары — менавіта антычны deus ex machina, яны ніяк не заснаваныя на тэндэнцыях, на працэсах, якія адбываюцца на «сцэне», у Беларусі.
Ну а ў выніку ў рэальнасці палітвязні працягваюць сядзець, іх колькасць — расці, рэжым і яго памагатыя прыдумляюць усё новыя і новыя спосабы «замарозкі» Беларусі. З «чым горш» — усё ў парадку. З «тым лепш» — неяк не. Можа, пакуль.
Меркаванне аўтара можа не супадаць з пазіцыяй рэдакцыі.