Увечары 24 чэрвеня ПВК Вагнера спыніла свой марш на Маскву. Яўген Прыгожын, як сцвярджаюць у Крамлі, пагадзіўся з’ехаць у Беларусь. Крымінальная справа ў дачыненні да яго будзе спыненая. Як паведаміла прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, гэта адбылося пасля перамоваў з беларускімі палітыкам, якія доўжыліся цэлы дзень. Спыталі ў палітычнага аглядальніка і гісторыка Аляксандра Фрыдмана, ці затрымаецца Прыгожын у нашай краіне, ці ёсць імавернасць, што ён створыць у нас сваё прыватнае войска, як было ў Расіі, ці перавязе ён у Беларусь сваіх байцоў і навошта ўсё гэта Лукашэнку.
— Думаю, што Лукашэнка хутчэй не дапусціць таго, каб Прыгожын стварыў прыватнае войска ў Беларусі. Фактар рызыкі вельмі высокі. З аднаго боку, гэта праект даволі цікавы для Лукашэнкі, калі б гэтае войска дзейнічала не на тэрыторыі Беларусі.
Звычайны бізнес у Афрыцы ПВК Вагнера — гэта вельмі брудны, крывавы і агідны ва ўсіх аспектах бізнес, але і вельмі прыбытковы, на якім, уласна кажучы, Прыгожын і пабудаваў сваю кар’еру.
Калі б Беларусь стала такім своеасаблівым перавалачным пунктам, Лукашэнка, у якога сур’ёзныя інтарэсы ў Афрыцы, мог бы аб’яднацца з Прыгожыным. Гэта магло б даць свае плюсы. Але з іншага боку, Лукашэнка, які столькі гадоў знаходзіцца ва ўладзе, вельмі добра разумее значэнне сілавых органаў і бачыць, што ў Расіі адбылося, выдатна ведае, што калі ты дазволіш сфармавацца такой сіле на сваёй тэрыторыі, пры ўсёй прыбытковасці магчымых праектаў рызыкапераважвае. Бачыце, наколькі лаяльны Прыгожын, які столькі гадоў служыў Пуціну, вось так прайшоўся па тэрыторыі Расіі і паказаў свой характар.
Я думаю, тут у Лукашэнкі спрацуюць інстынкты, і ён не дазволіць гэтаму здарыцца.
— Ці можа Прыгожын прывезці ў Беларусь сваіх байцоў?
— Пра ПВК Вагнера ідзе вельмі супярэчлівая інфармацыя. Нібыта яны застануцца ў Расіі, будуць там заключаць дамовы з Міністэрствам абароны. Ці кажуць, што іх размесцяць у Беларусі на мяжы з Украінай. Але гэта цяжка ўявіць, гэта будзе дадатковым фактарам нестабільнасці. Я, шчыра кажучы, наогул не бачу тут ніякіх пераваг для Расіі. А калі там раптам нешта зноў адбудзецца з байцамі і Прыгожын падыме мяцеж? І колькі там ісці, уласна кажучы, ад беларуска-ўкраінскай мяжы да Масквы?
Акрамя таго, калі Прыгожыну сапраўды дазволяць гэтае войска завесці, ён жа можа падмяць пад сябе ўсю расійскую інфраструктуру, створаную на тэрыторыі Беларусі.
Так што дывідэнды і прэферэнцыі ад гэтага, мякка кажучы, зусім не відавочныя. Ну, а Лукашэнку чаго радавацца? Дапусцім, прыйдзе няхай не 25 тысяч чалавек, а 10 ці 15 тысяч — яны ж значна больш баяздольныя, чым беларускае войска з усімі падраздзяленнямі. Яны ж могуць усё што заўгодна ў Беларусі ўчыніць. Прыгожын з такім рэсурсам можа вельмі хутка стаць галоўным чалавекам у краіне.
Таму ў тым, каб яны з’явіліся тут з усёй амуніцыяй і з войскам, ніхто не зацікаўлены. Можна, дапусцім, падымаць гэтае пытанне, каб палохаць аўдыторыю ў Польшчы, у Літве ці Украіне, казаць, што вось, глядзіце, цяпер такая банда галаварэзаў на мяжы і вам будзе кепска. Але ўсе спробы раскруціць версію пра тое, што вагнераўцы пойдуць на Кіеў, — гэта, з майго пункту гледжання, спроба прыцягнуць да сябе ўвагу.
Але калі адкінуць усю гэтую рыторыку і паглядзець на гэта больш рэальна, то там пераваг няма. Гэта нават пытанне не санкцый, якія можна дадаткова атрымаць за Прыгожына. Да санкцый Лукашэнка прывык, яго яны менш палохаюць.
Прысутнасць ПВК Вагнера, калі яна будзе на тэрыторыі Беларусі, а тым больш на мяжы, рэзка павышае пагрозу сутыкнення з Украінай. І тут гаворка і пра магчымасць нанясення ўдараў па тэрыторыі Беларусі, і пра сутыкненні на мяжы. Калі ўявіць такі сцэнар, што Прыгожын зойдзе са сваімі людзьмі яшчэ і ў Беларусь, то мінусаў і для Расіі, і для Беларусі больш.
Таму ўсе ўмовы і трымаюць у сакрэце. Я магу вельмі добра ўявіць, што пакуль яны для сябе толькі вырашылі і дамовіліся, што паход на Маскву зняты, а на Лукашэнку надзелі лаўры міратворца. А вось ужо пра дэталі, што там будзе насамрэч і як яны будуць ад гэтага шоку адыходзіць, мы не ведаем. Прыгожын — ад станоўчага шоку, у тым сэнсе, як нечакана многага ён дамогся. Расія — ад шоку ад таго, што гэта адбылося. Ну, а Лукашэнка — ад шоку ад таго, што ён, здаецца, паўдзельнічаў у тым, каб гэтую сітуацыю разруліць. Ён сам у гэта ўлез, яму тут, атрымліваецца, або Прыгожыну, або ПВК Вагнера нібыта трэба даць прытулак. Але тут такія кадры, якія сваю пазіцыю кожныя пяць хвілін мяняюць. І ўсё можа змяніцца за некалькі хвілін.
«Давер, якога, мабыць, не так і шмат было, страчаны канчаткова»
— Але калі ўсё ж уявіць, што прыватнае войска ў Беларусі фармуецца…
— Цяпер шмат хто кажа, што яны (вагнераўцы. — Заўв. рэд.) могуць размясціцца ля мяжы Польшчы, Літвы, Латвіі. Я думаю, там яны таксама не размесцяцца.
Таму што гэта ўжо праблема даверу. Пуцін не давярае Прыгожыну і ПВК Вагнера пасля таго, што адбылося. Пуцін не можа ім давяраць. Можна байцоў, вядома, і размясціць. А хто яго ведае, што Прыгожын ў выніку зробіць. А раптам ён вырашыць пайсці і здацца Украіне? Ці, напрыклад, паспрабуе неяк падлашчыцца да Захаду? Давер, якога, мабыць, не так і шмат было, страчаны канчаткова. Таму я не думаю, што там усё ж будзе нешта доўгатэрміновае на тэрыторыі Беларусі. Думаю, што, магчыма, Прыгожын сапраўды пэўны час перакантуецца і потым нейкім спосабам пакіне Беларусь.
— Калі ўявіць, што Прыгожын застанецца тут, у Беларусі, што ён будзе рабіць у нас і ці не будзе яму «цесна» ў нашай краіне?
— У Беларусі яму, у прынцыпе, асабліва няма чаго рабіць, бо гэта фігура зусім іншага маштабу. Можна паглядзець на алігархаў, з якімі Лукашэнка працаваў, ці былых палітыкаў, якіх ён прытуліў, назавём гэта так.
Перш за ўсё, вядома ж, успамінаецца гісторыя экс-прэзідэнта Кыргызстана Курманбека Бакіева. Але той проста бег з крыкам: «Ратуйце!» І таму быў, у прынцыпе, рады, што яму нешта далі ў Беларусі. Я думаю, што па тых мерках, як ён жыў там у сябе і якія аперацыі пракручваў, у Беларусі ў яго ўсё выглядае даволі сціпла. Але ў Бакіева ў прынцыпе былі зусім іншыя тэмы і зусім іншыя мэты.
Або астатнія алігархі, якія згадваюцца. Так, вядомая гісторыя Барыса Беразоўскага. Але ў яго з Лукашэнкам сітуацыя асаблівая, бо Беразоўскі сам прызнаваўся, што ў яго быў план прывесці Лукашэнку да ўлады ў якасці пераемніка Ельцына ў 1990-я гады. Тут былі асаблівыя адносіны. І, акрамя таго, у Беразоўскага не было ніякіх сур’ёзных эканамічных інтарэсаў у Беларусі. Нават калі ён трапіў у няміласць, у яго былі спробы прамацваць нейкія магчымасці ўплыву на Расію. Ну і трэці выпадак — гэта супрацоўніцтва, якое ідзе дагэтуль: гэта ўсё тое, што ў іх ёсць у бізнесе з Міхаілам Гуцарыевым. Але ён не палітычная фігура, у яго галоўным інтарэсам заўсёды было зараблянне грошай. У яго такіх сур’ёзных (тым больш на расійскім узроўні) палітычных амбіцый не было.
А вось Прыгожын — фігура зусім іншага маштабу. Гэта чалавек у рангу ледзь не міжнароднага тэрарыста. Цяпер амерыканцы адклалі санкцыі супраць ПВК Вагнера, абгрунтоўваючы гэта тым, што яны нібыта не хочуць падтрымаць Пуціна. Але я думаю, што ў сувязі з усёй гэтай сітуацыяй ім проста трэба яшчэ раз падумаць над тым, як уводзіць санкцыі.
Так што Лукашэнка, які прытуліць Прыгожына, цалкам можа трапіць пад раздачу. То-бок Прыгожын — фігура зусім іншага ўзроўню. Гэта чалавек, які дзейнічае глабальна, які працуе на розных кантынентах. Яны працавалі ў Сірыі, працавалі ў Афрыцы, кідалі выклік дзяржавам, як кідалі выклік Францыі, напрыклад, у Афрыцы.
Гэта зусім іншае. Для Прыгожына Беларусь — гэта вельмі сумна, нецікава і правінцыйна. Гэта не тыя грошы, якія ён можа зарабіць. Не тыя амбіцыі. Тым больш што ён адчуў смак сапраўднай улады, адчуў смак сілы. І я думаю, што сваім паходам ён хутчэй умацаваў свае расійскія амбіцыі. Так што тут нейкай сур’ёзнай будучыні ў яго я не бачу. А Лукашэнка будзе дзейнічаць, вядома ж, вельмі асцярожна, бо Прыгожын з тым, што ён здзейсніў, робцца сапраўдным ворагам сённяшняй кіроўнай эліты. Таму ўступаць у нейкія альянсы з Прыгожыным — гэта для Лукашэнкі было б занадта.
«Уплыў у Расіі на Беларусь сур’ёзны, у краіне ёсць расійскія войскі»
— Але, магчыма, Лукашэнка разам з Прыгожыным збіраецца ці будзе развіваць сумесны бізнес у Афрыцы?
— Лукашэнку гэта было б сапраўды цікава. Але, шчыра кажучы, у мяне няма адназначнага адказу на тое, ці рызыкне Лукашэнка гэта зрабіць. Бо ўсё ж такі адно — пад прыкрыццём Кітая праводзіць нейкія аперацыі, як робяць Шэйман і Зінгман у Зімбабвэ — краіне ўсё ж нават па афрыканскіх мерках даволі сціплай. А зусім іншае — спрабаваць заходзіць у такія краіны, як Лівія, Судан або, дапусцім, былыя французскія калоніі накшталт Малі, Чада і Цэнтральнаафрыканскай Рэспублікі. З аднаго боку, кінуць такую адкрытую пальчатку Францыі, а з другога — звязаць сябе з Прыгожыным, у якога такая рэпутацыя і які ідзе ў катэгорыі міжнароднага тэрарыста, ды яшчэ пасля ўсяго стаў ворагам Пуціна.
Гэта было б вельмі-вельмі рызыкоўна для Лукашэнкі. Хоць, вядома, там могуць быць нейкія сур’ёзныя фінансавыя дывідэнды, але рызыкоўна. І ў сувязі з гэтым, шчыра кажучы, узнікае пытанне: а якая такая важнасць Лукашэнкі для Прыгожына? Прыгожын — значна больш магутны чалавек у прынцыпе, чым Лукашэнка — ці, прынамсі, як уладальнік асабістага войска ён супастаўны з такім чалавекам, як Лукашэнка. Таму Прыгожын у прынцыпе Лукашэнку можа прапанаваць значна больш, чым Лукашэнка можа прапанаваць Прыгожыну. Ну, а думаць пра тое, што ў сённяшняй Беларусі той жа Прыгожын можа знаходзіцца ў спакойным, упэўненым стане, што яму нічога не пагражае, было б прынамсі дзіўна.
А што да расійскага боку, тут таксама ёсць адзін вельмі важны фактар. Усё ж такі ўплыў у Расіі на Беларусь сур’ёзны, у краіне ёсць расійскія войскі. У Беларусі велізарныя расійскія інтарэсы, звязаныя з мяжой. І калі на гэтай тэрыторыі з’яўляецца Прыгожын — на сённяшні дзень адкрыты вораг, які яшчэ і зарэкамендаваў сябе як выключна паспяховы менеджар — гэта можа быць выклікам расійскім інтарэсам у Беларусі.
Гэта самая вялікая інтрыга, у якой ролі Прыгожын будзе знаходзіцца тут. Цалкам магчыма, што ўся рыторыка наконт таго, што ён адыдзе ў Беларусь — гэта проста нейкая прапагандысцкая, дымавая заслона. Наогул фармулёўка, якую выкарыстоўваюць і Пяскоў, і Лукашэнка, дзікая.
Што значыць «адыцсці ў Беларусь»? Беларусь — гэта што адстойнік, лес, пустыня? Што гэта наогул? Што гэта за стаўленне да краіны? І наколькі абразліва тое, што гэтую фармулёўку самі ўлады бяруць на ўзбраенне. Гэта паказвае, як яны ставяцца да сваёй уласнай краіны. Цалкам магчыма, гэта сказана, каб больш-менш без страты твару разруліць гэтую сітуацыю для расійскіх уладаў.
Я б не выключаў, але гэта вельмі складана сабе ўявіць, практычна неверагодна, што Прыгожын будзе жыць у Беларусі на ўзроўні персанальнага прывілеяванага пенсіянера накшталт Бакіева.
Чытайце таксама