Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Улады прыдумалі новаўвядзенне, здольнае адбіць у вас жаданне павышэння зарплаты
  2. Стала вядома, што цяпер з расійскім комікам, якога збілі падчас затрымання беларускія сілавікі
  3. Калі Пуцін прыедзе: Зяленскі назваў дзве ключавыя тэмы магчымай сустрэчы ў Стамбуле
  4. Навальніцы і замаразкі. Сіноптыкі расказалі пра неспрыяльныя з'явы, якія нас чакаюць
  5. Улады хочуць запусціць чарговую базу звестак пра насельніцтва, да якой сілавікі атрымаюць кругласутачны доступ. Парламент зацвердзіў новаўвядзенне
  6. «Не здзіўляе іх учынак. Палохае рэакцыя дарослых». Меркаванне пра скандал з падлеткамі, якія паказалі сярэдні палец салюту
  7. Улады папросяць яшчэ дзевяць краін выдаваць беларусаў, якія расшукваюцца на радзіме
  8. Введут ли в Беларуси налог на бездетность? В Минтруда ответили «откровенно и прямо»
  9. Чыноўнікі працягваюць пазбаўляць магчымасці працаваць праз «палітыку». Яны вырашылі ўвесці абмежаванні для чарговых работнікаў
  10. Бачыла яшчэ цара, стала зоркай у 76 гадоў і памерла ў часы Лукашэнкі. Успамінаем гэтую вялікую беларуску ў дзень яе 120-годдзя
  11. «Путин устраивает кровавые бани — это поменяло позицию Трампа». Автор книги о Зеленском в интервью «Зеркалу» — про переговоры в Турции
  12. Чыноўнікі хочуць павялічыць падатковую нагрузку. Каго гэта можа закрануць
  13. Россия ускоренными темпами наращивает свою военную группировку, несмотря на значительные потери в Украине. В ISW рассказали, с какой целью
  14. Зенкович: в Беларуси действительно была попытка военного переворота, за это арестована группа офицеров пятой бригады спецназа
  15. «У мяне да Рамана няма ніякіх прэтэнзій». Юрый Зянковіч — пра сустрэчу з Пратасевічам, лёс Лукашэнкі і «сувенір з Беларусі»
  16. «Наша Ніва»: Памерла 45-гадовая экс-палітзняволеная Тамара Каравай. Летась яна была вызваленая па памілаванні
  17. Путин утвердил состав делегации России для переговоров с Украиной в Стамбуле
Читать по-русски


Пасля крушэння бізнес-джэта з камандаваннем ПВК Вагнера і Яўгенам Прыгожыным на борце ваенная кампанія засталася абезгалоўленай. Што значыць для Лукашэнкі і беларускіх элітаў смерць чалавека, якому ён даваў гарантыі бяспекі? Ці адаб’ецца гэта на ягоных адносінах з Пуціным і як цяпер будуць паводзіцца вагнераўцы, што знаходзяцца ў Беларусі? Задалі гэтыя пытанні экспертам.

Слева Евгений Пригожин, фото: @concordgroup_official. Справа Александр Лукашенко, фото: president.gov.by
Злева Яўген Прыгожын, фота: @concordgroup_official. Справа Аляксандр Лукашэнка, фота: president.gov.by

«Шанец узяць вагнераўцаў пад свой кантроль»

Становішча Лукашэнкі ў вачах беларускіх элітаў пасля смерці Прыгожына наўрад ці зменіцца, лічыць палітычны аглядальнік і гісторык Аляксандр Фрыдман. Паводле яго, пытанні Прыгожына — гэта ўзровень Масквы і ўзаемаадносін Пуціна і Лукашэнкі.

— У Беларусі для чыноўнікаў асноўная крыніца ўлады — Лукашэнка. І яму ніхто не паказвае, каго кідаць у турмы ці якую эканамічную палітыку праводзіць, — тлумачыць Фрыдман. — Але вось што да глабальных пытанняў: размяшчэнне войскаў або вагнераўцаў, сітуацыя на мяжы — тут Лукашэнка дзейнічае альбо па ўказцы, альбо ў згодзе з Масквой. І смерць Прыгожына магла яшчэ раз падкрэсліць гэта ў вачах элітаў.

Аналітык падкрэслівае: тое, як беларускія чыноўнікі і сілавікі сустракаліся з вагнераўцамі, з якім захапленнем казаў пра іх намеснік міністра ўнутраных справаў Мікалай Карпянкоў, сведчыць, што яны заглядваюцца на Маскву.

 — Магу сабе ўявіць, што яны бачаць будучыню Беларусі пад расійскім кіраўніцтвам, бо Лукашэнка не вечны. А многія, магчыма, ужо рыхтуюцца да таго, што адбудзецца аншлюс Беларусі і ў краіне будзе расійская ўлада, — лічыць Фрыдман. — Таму гэта для іх дадатковая нагода задумацца пра характар і мадэлі паводзінаў у суседняй краіне. Тым больш што ўсе гэтыя людзі, чыноўнікі, у тым ліку ў сілавых ведамствах, значна маладзейшыя, чым Лукашэнка. Значыць, на палітычны і службовы адпачынак пакуль не збіраюцца. А вось вобраз Лукашэнкі як чалавека, чые гарантыі нічога не значаць, для іх не так важны.

На думку аналітыка, хоць яшчэ 23 жніўня прапаганда спрабавала абараняць Лукашэнку, хутчэй за ўсё, іх словы адрасаваліся незалежным СМІ і апанентам улады (пра пытанне гарантый ад Лукашэнкі казала і Святлана Ціханоўская), а не блізкаму колу палітыка. Апошніх, упэўнены суразмоўца, больш хвалюе лёс вагнераўцаў на тэрыторыі нашай краіны.

Стихийный мемориал с портретами Евгения Пригожина и командира ЧВК Вагнера Дмитрия Уткина у офиса ЧВК в Новосибирске, 24 августа 2023 года. Фото: Reuters
Стыхійны мемарыял з партрэтамі Яўгена Прыгожына і камандзіра ПВК Вагнера Дзмітрыя Уткіна ля офіса ПВК у Новасібірску, 24 жніўня 2023 года. Фота: Reuters

— З аднаго боку, ПВК Вагнера зарэкамендавала сябе як арганізацыя, цалкам адданая Прыгожыну і Уткіну (камандзір ПВК Дзмітрый Уткін, ён жа Вагнер. — Заўв. рэд.). Але калі яны пайшлі на Маскву два месяцы таму, гэта быў загад камандзіраў: рашэнне прыняў Прыгожын, саму аперацыю падрыхтаваў Уткін. А вагнераўцы — гэта найміты, якія не вылучаюцца ідэйнасцю. Ім плацяць — яны выконваюць загад, асабліва не задумваючыся, — тлумачыць Фрыдман. — Мабыць, Прыгожын і Уткін карысталіся папулярнасцю. Але ці гатовыя цяпер камандзіры, што засталіся, адпомсціць за іх? Ці яны настроеныя больш прагматычна: «Ну, добра, Прыгожына і Уткіна няма, але жыццё працягваецца, мы ж хочам неяк існаваць, чаго нам ладзіць мяцяжы?» Калі яны разважаюць менавіта так, то не думаю, што будуць нейкія выступленні.

Нерэалістычным мяцеж наймітаў Фрыдман называе яшчэ і таму, што ў вагнераўцаў адсутнічае цяжкае ўзбраенне. І да таго ж, хоць найміты могуць быць незадаволеныя, што гарантыі Лукашэнкі не спраўдзіліся і ён кагосьці падмануў, усе разумеюць: не беларускі палітык — ключавы гулец у гэтай гісторыі.

— Магчыма, цяпер для яго з’явіцца пэўны шанец узяць вагнераўцаў пад свой кантроль. Калі Масква дазволіць, вядома ж, — удакладняе эксперт. — Думаю, усе пытанні, звязаныя з ПВК Вагнера, абмяркоўваюцца з крамлёўскім кіраўніцтвам. Калі яму сапраўды дадуць на гэта зялёнае святло, то магу сабе ўявіць, што нейкая частка наймітаў захоча застацца ў Беларусі і інтэгравацца ў войска і іншыя сілавыя структуры. На маю думку, Лукашэнка без нейкіх сур’ёзных праблем зможа знайсці фінансаванне для адной-дзвюх, няхай нават трох тысяч вагнераўцаў. Гэта не тая сума, якую ён сабе ніяк не можа дазволіць. Калі палітык убачыць у іх магчымасць умацаваць войска і падняць узровень сілавых органаў, то ён на гэта пойдзе.

На думку Фрыдмана, у цяперашняй сітуацыі Расія наўрад ці будзе зацікаўленая ў тым, каб вывезці з Беларусі ўсіх наймітаў. Такі крок аналітык трактуе як свайго кшталту паслугу Польшчы, Латвіі і Літве. Бо ў такім выпадку ўлады гэтых краін змогуць абвясціць, што Лукашэнка і Пуцін спалохаліся ціску і прыбралі ПВК Вагнера. А значыць, на іх можна ціснуць і далей, што ўжо не адпавядае інтарэсам Крамля.

Лагерь у деревни Цель под Осиповичами, построенный, предположительно, для ЧВК Вагнера. Фото: Reuters
Лагер каля вёскі Цэль пад Асіповічамі, пабудаваны для ПВК Вагнера. Фота: Reuters

Што ж да таго, як навіну пра смерць Прыгожына ўспрыняў Лукашэнка, то эксперт упэўнены: учорашнія падзеі для яго наўрад ці сталі нечаканасцю.

— Цалкам магчыма, што паміж Пуціным і Лукашэнкам ад пачатку ішла размова пра тое, што сітуацыя з мяцяжом вырашаецца, Прыгожыну кажуць, каб ён заканчваў з гэтай справай, а потым з ім робяць як палічаць патрэбным, — мяркуе суразмоўца. — Магчыма, Лукашэнка ведаў, што адбудзецца. Мы ж не мусім забываць, з якім гатункам людзей маем дачыненне. І Пуцін, і Лукашэнка мноства разоў кляліся і бажыліся, а потым мянялі свой пункт гледжання. Таму я не выключаю, што палітык гэта ўсё ўспрыняў цалкам спакойна. З іншага боку, цалкам імаверна, што ў яго ўзніклі і негатыўныя эмоцыі з гэтай нагоды. Напрыклад, калі былі планы на Прыгожына, на яго кантакты ў Афрыцы і іншае. Але і версія, што Лукашэнка цяпер сам будзе баяцца ездзіць у Расію, бо ён нібыта шмат чаго ведае, мае права на існаванне.

Аднак Фрыдман лічыць, што баяцца Пуціна і ставіць сябе на месца Прыгожына Лукашэнка, хутчэй за ўсё, не будзе. Ён упэўнены, што робіць сваю справу і супрацоўнічае з Расіяй. І калі палітык, як канспіролаг па натуры, будзе падазраваць замах, то хутчэй з боку Захаду, чым Расіі.

— Што да Пуціна, у яго так званым кодэксе гонару вялікая ўвага надаецца здрадзе. З тымі, каго лічаць такімі, распраўляюцца адкрыта і нават не спрабуюць гэта замаскаваць, — канстатуе Фрыдман. — Так было, напрыклад, з Літвіненкам, якога атруцілі, зусім не хаваючы гэтага (падпалкоўнік ФСБ Аляксандр Літвіненка быў атручаны палоніем і памёр у лістападзе 2006 года ў Лондане. — Заўв. рэд.). Тая ж гісторыя Скрыпаляў — расійскі след даволі відавочны (былога падпалкоўніка ГРУ ФСБ Сяргея Скрыпаля і ягоную дачку Юлію атруцілі ў сакавіку 2018 года. — Заўв. рэд.). Палітыка Барыса Нямцова забілі проста ля Крамля. То-бок калі Пуцін кагосьці лічыць здраднікамі, ён з гэтымі людзьмі распраўляецца. Калі мы будзем зыходзіць з таго, што крушэнне самалёта Прыгожына было арганізаванае расійскімі ўладамі, для Лукашэнкі гэта, вядома ж, сігнал вельмі непрыемны. Але дазволю сабе падкрэсліць, што ў такіх выпадках гаворка ішла пра расійскіх грамадзян. У нас няма прыкладаў, прынамсі за перыяд Пуціна ва ўладзе, каб Крамлём знішчаліся лідары іншых краін, асабліва саюзніцкіх. Таму размовы пра тое, што Лукашэнка можа стаць тым самым здраднікам, з якім расправяцца, мне здаюцца сумнеўнымі.

«Лукашэнка будзе баяцца, што сусед можа з ім разабрацца»

А вось палітычны аналітык праекта «Позірк» Аляксандр Класкоўскі, наадварот, упэўнены, што навіна пра смерць Прыгожына для Аляксандра Лукашэнкі стала нечаканасцю.

— Цяпер дамінуе версія, што тут не абышлося без адмашкі Пуціна, а значыць, тое, што адбылося, — не выпадковасць, а помста, — робіць выснову ён. — Думаю, паведамленне пра гэта калі не спалохала, то напружыла самога Лукашэнку. Бо калі зыходзіць з гэтай версіі, то атрымліваецца, што і ён, калі раптам праявіць нейкае самавольства, можа стаць ахвярай. Да таго ж калі дапусціць, што гэта ўсё — аперацыя Крамля, то наўрад ці пра гэта інфармавалі беларускага саюзніка. Такія рэчы праводзяцца таемна, пра іх ведае мінімальная колькасць асоб. І насуперак вонкавай дэманстрацыі адзінства, я думаю, Пуцін не надта давярае Лукашэнку: той можа сказаць лішняе, захапіўшыся падчас публічнай прамовы. І, думаю, у Крамля ёсць падазрэнні, што афіцыйны Мінск усё яшчэ вядзе сакрэтныя адносіны з Кіевам. Таму наўрад ці Лукашэнка атрымліваў інфармацыю.

Пры гэтым Класкоўскі ўпэўнены: не здагадвацца пра тое, што Прыгожына могуць планаваць «прыбраць», Лукашэнка не мог. Усё ж за столькі гадоў апошні добра вывучыў характар Пуціна.

— Лукашэнка, я думаю, разумее, што гэты чалавек жорсткі, бязлітасны і помслівы. І цяпер ён праецыюе ўсю сітуацыю на сябе, — мяркуе суразмоўца. — Бо былі перыяды, калі ў іх з Пуціным здараліся сур’ёзныя сутычкі, калі ён казаў, што Масква вядзе імперскую палітыку і хоча адабраць нашую незалежнасць. Гэтыя думкі нікуды ў Лукашэнкі не падзеліся. Проста цяпер яны не прагаворваюцца ўслых. Але і Пуцін добра разумее, што ў яго хітры саюзнік, які думае перш за ўсё пра свае інтарэсы і можа быць няшчырым. Гэта ўносіць дадатковы недавер у адносіны паміж імі. Хоць на людзях абодва, вядома, будуць дэманстраваць гумовыя ўсмешкі і паўтараць, што яны па-ранейшаму сябры і займаюцца братэрскай інтэграцыяй.

Эксперт мяркуе, што да сур’ёзных асцярогаў з боку Лукашэнкі справа, хутчэй за ўсё, не дойдзе. Палітык наўрад ці будзе баяцца лётаць у Маскву, бо перамяшчаецца на сваім самалёце, ды і робіць шэраг захадаў бяспекі.

Фото: пресс-служба президента России
Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна, 23 ліпеня 2023 года, Санкт-Пецярбург. Фота: прэс-служба прэзідэнта Расіі

— Вядома, на 100% гэта не застрахуе, і, думаю, падчас сустрэч з Пуціным будзе як мінімум дадатковае напружанне. Хоць апошняму відавочна не з рукі падсыпаць палоній проста ў гарбату, умоўна кажучы, — упэўнены Класкоўскі. — Але досвед паказвае, што ў расійскіх спецслужбаў вялікі асартымент метадаў і варыянтаў, каб разабрацца з непажаданымі расійскаму кіраўніцтву персанажамі. І я думаю, што Лукашэнка будзе дапускаць усякае, асабліва калі паміж двума кіраўнікамі пачнуць узмацняцца трэнні. А гэта цалкам імаверна, бо вайна ідзе не бліскуча для Расіі. Калі Украіна даб’ецца новых поспехаў на фронце, узмоцняцца санкцыі і ў Крамля стане менш рэсурсаў для падтрымкі беларускага саюзніка, то супярэчнасці паміж Лукашэнкам і Пуціным могуць абвастрыцца. І, адпаведна, палітык будзе мацней баяцца, што сусед можа з ім разабрацца неджэнтльменскім чынам.

А вось у пытанні рэпутацыі Лукашэнкі сярод беларускіх элітаў палітычны аналітык, хутчэй, згодны з Аляксандрам Фрыдманам: гэта не тая сітуацыя, у якой ягонае становішча можа сур’ёзна пахіснуцца. Хоць пэўная незадаволенасць, лічыць Класкоўскі, была выкліканая яшчэ самім рашэннем прывесці ў Беларусь наймітаў.

— Ён стварыў кучу праблем і сабе, і сваім падначаленым: трэба было неяк растлумачыць, чаму тут з’явілася некалькі тысяч мужчын са спецыфічным бэкграўндам і рэпутацыяй. І Лукашэнка пачаў раскручваць тэму, маўляў, гэта добрыя інструктары для нашага войска. Я думаю, гэта было трохі зневажальна для беларускіх вайскоўцаў і сілавікоў. Бо падтэкст быў, маўляў, «вы тут пораху не нюхалі, ні на што не здатныя, а вось прыехалі сапраўдныя крутыя ваякі, якія хоць нечаму навучаць». Я думаю, гэта ў нейкай ступені чапляла годнасць беларускіх афіцэраў, — разважае аналітык.

 
Инструктор ЧВК Вагнера в процессе обучения белорусских военных. Фото: Олег Некало, «Ваяр»
Інструктар ПВК Вагнера ў працэсе навучання беларускіх вайскоўцаў. Фота: Алег Некала, «Ваяр»

Паводле яго, неабходнасць хутка абсталяваць лагер, усё арганізаваць, знайсці фінансаванне, хутчэй за ўсё, ускладніла жыццё падначаленым палітыка. А абвостраныя адносіны з суседнімі краінамі Еўрасаюза і NATO сталі галаўным болем і для МЗС, і для ўрада, лічыць суразмоўца:

— Гэта значыць, з якога боку ні паглядзі, падначаленым Лукашэнкі дадалося працы толькі таму, што іх шэфу захацелася паказаць, які ён міратворац. І вось гэта таксама, я думаю, не на карысць Лукашэнкі працуе, асабліва пасля смерці Прыгожына. Чыноўнікі зрабілі выснову, што Пуцін жартаваць не любіць. І калі ўявіць нейкі крызіс у беларускай уладзе, звязаны са станам здароўя Лукашэнкі ці іншымі абставінамі, частка яго падначаленых можа хуценька перакінуцца да маскоўскага гаспадара. Будзе менш падставаў да апошняга трымацца за Лукашэнку.

Калі казаць пра тое, што будзе далей з вагнераўцамі на нашай тэрыторыі, то тут Класкоўскі бачыць галоўнае пытанне ў фінансаванні наймітаў:

— Паводле неафіцыйных звестак, Лукашэнка ўжо ставіў гэтае пытанне перад Пуціным, калі лётаў у ліпені на перамовы. Але, падобна, станоўчага рашэння ён не дамогся. Я думаю, цяпер палітык будзе яшчэ актыўней церабіць Пуціна. Маўляў, давай, Уладзімір Уладзіміравіч, грошы, каб гэтых арлоў неяк утрымліваць, бо яны прывыклі жыць на добрым забяспечанні. А цалкам магчыма, што Лукашэнка будзе казаць пра тое, каб вывесці іх з Беларусі, бо першапачатковая дамоўленасць была завязаная на постаці Прыгожына, якога трэба было прыбраць з Расіі, захаваўшы твар. Думаю, у выніку можа быць камбінаваны варыянт. Я бачыў спутнікавыя здымкі лагера ПВК на «Радыё Свабода», і, паводле іх прыкідак, дзве тысячы наймітаў ужо з’ехалі. Былі ўскосныя звесткі, што частка з іх з’язджае да сем’яў у Расію, хтосьці на адпачынак, хтосьці наогул на грамадзянку выйдзе. Некаторыя, відаць, пяройдуць на кантракт у расійскае Міністэрства абароны, гвардыю і іншыя сілавыя структуры. Хтосьці, можа, у Афрыку паедзе, але ўжо ў складзе іншых ПВК. Можа, некалькі дзясяткаў застанецца ў якасці інструктараў для беларускага войска.

Чытайце таксама