У Беларусі на заводах не хапае работнікаў, заявіў 9 красавіка Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго словаў, на МАЗе некамплект супрацоўнікаў складае 13%, а на Мінскім маторным заводзе — цякучка рабочых. Пасля гэтай заявы ў афіцыйным прафсаюзе «БЕЛПРАФМАШ» і на МАЗе расказалі, якія бонусы даюць новым супрацоўнікам.

Праз некалькі гадзін пасля заявы Аляксандра Лукашэнкі ў тэлеграм-канале Беларускага прафесійнага саюза работнікаў галін прамысловасці «БЕЛПРАФМАШ» з’явіўся каментар Віктара Антоненкі — кіраўніка першаснай прафсаюзнай арганізацыі на МАЗе. Пазней гэтую інфармацыю перапосцілі ў тэлеграм-канал самога завода.
Паводле Віктара Антоненкі, кожнаму, хто прыйдзе на завод пасля войска і заключыць кантракт на пяць гадоў, выплацяць «пад'ёмныя» ў 5000 рублёў. Але прапанова дзейнічае цягам трох месяцаў пасля вяртання з войска. Яшчэ 1000 рублёў можна атрымаць за кожны наступны год працы пасля адпрацоўкі па размеркаванні. «Ёсць штомесячныя выплаты, якімі карыстаюцца нашыя маладыя спецыялісты і маладыя работнікі, — удакладніў Віктар Антоненка. — Таксама выкарыстоўваецца такі метад, як патанненне харчавання».
Як паведамляецца, таксама маладым работнікам дапамагаюць з вырашэннем жыллёвага пытання.
«Пытанне актуальнае. На многіх прадпрыемствах ёсць дэфіцыт кадраў. У топе запытаў наймальнікаў — рабочыя прафесіі: слесары, электрагазазваршчыкі, фрэзероўшчыкі. Сёння гэтая тэма гучала на нарадзе [у Аляксандра Лукашэнкі], — адзначылі ў „БЕЛПРАФМАШ“. — Неаднаразова ўздымала гэтае пытанне і Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі. Прафсаюзы настойваюць: яго рашэнне патрабуе комплекснага падыходу. Гэта і ўдасканаленне падрыхтоўкі, і паляпшэнне ўмоваў працы. І, вядома ж, важны момант — матэрыяльная падтрымка маладых рабочых».
У афіцыйным прафсаюзе лічаць, што «асноўны інструмент — калектыўная дамова». «Надбаўкі, матдапамога, кампенсацыя арэнды жылля, арганізацыя адпачынку і аздараўлення — такія меры сёння ініцыююць прафсаюзы на многіх прадпрыемствах. І ўсё часцей наймальнікі падтрымліваюць ініцыятыву, і гэтыя нормы замацоўваюцца ў калдамовах», — адзначылі ў «БЕЛПРАФМАШ».