Калі перад Беларуссю стаяла задача пра вывад ядзернай зброі са сваёй тэрыторыі, Аляксандр Лукашэнка вырашыў не падрываць шахты для ракет з ядзернымі боегалоўкамі. Усе, акрамя адной, на сёння застаюцца закансерваванымі, расказаў «Беларусь 1» Спецыяльны прадстаўнік Лукашэнкі, першы дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі ў 1994−2000 і 2006−2008 гадах Віктар Шэйман.
Віктар Шэйман у першай палове 1990-х быў дэпутатам парламента. У 1994-м ён падтрымаў Аляксандра Лукашэнку — быў чальцом перадвыбарчага штаба палітыка і адказваў за ягоную бяспеку. У канцы дзевяностых абвінавачваўся ў датычнасці да знікненняў апазіцыйных палітыкаў.
Шэйман пабываў на многіх высокіх пасадах сілавога блока, у тым ліку на пазіцыі генпракурора. А ў 2013 годзе Лукашэнка прызначыў яго сваім «заўгасам» — даверыў Кіраўніцтва справамі. На той час КСП ператварылася ў буйны холдынг, які аб’ядноўваў дзясяткі кампаній з розных сфер: ад продажу нафтапрадуктаў і цыгарэт да кантролю над асноўнымі санаторыямі і нацпаркамі Беларусі. За Шэйманамда КСП былі далучаныя мясакамбінат, малочны завод, птушкафабрыка і шэраг іншых актываў.
Шэйман быў кіраўніком справамі Лукашэнкі да 2021 года. Пасля гэтага ён на даручэнне палітыка заняўся развіццём праектаў у Афрыцы.
Віктар Шэйман, знаходзячыся на пазіцыі кіраўніка справамі Лукашэнкі, таксама меў староннія бізнес-праекты. Сярод іх — золатаздабыча ў Афрыцы, пастаўка санкцыйных тавараў у РФ.
Рашэнне вывесці ядзерную зброю з Беларусі прымалася яшчэ да першых прэзідэнцкіх выбараў: да Дамовы пра нераспаўсюд ядзернай зброі нашая краіна далучылася ў 1993 годзе, паведаміў Шэйман.
— Апошні эшалон з ракетным комплексам «Таполі» адыходзіў з тэрыторыі Беларусі, са станцыі Дзятлава, у лістападзе 1996 года. Я прысутнічаў пры вывадзе ўжо апошніх частак расійскай ядзернай зброі, — расказаў экс-дзяржсакратар Савета бяспекі.
— Да прэзідэнцкіх выбараў было падпісанае пагадненне яшчэ і пра тое, што мы павінныя знішчыць месцы размяшчэння гэтых ядзерных ракет. Мусілі падарваць шахты. Зрабілі адзін падрыў шахты — яна абрынулася. Узніклі праблемы з экалогіяй. На досыць вялікім участку мясцовасці лес быў знішчаны, глеба пакарабачаная. І прэзідэнт прыняў рашэнне — больш шахтаў не падрываць. Іх трэба было закансерваваць і пакінуць, — дадаў ён.
Таму, паводле яго, усе шахты, дзе размяшчаліся міжкантынентальныя балістычныя ракеты, акрамя адной, у Беларусі захаваныя.
Віктар Шэйман таксама згадаў, што акрамя вываду ядзернай зброі патрабавалася знішчыць і звычайнае ўзбраенне. Пагадненні пра гэта былі падпісаныя таксама яшчэ да прэзідэнцкіх выбараў:
— Наш танкарамонтны завод у Барысаве, па-мойму, працаваў у дзве-тры змены. Я выехаў на гэты завод, далажыў прэзідэнту, што там сапраўды тэхніка ў вельмі добрым стане. Гэтая тэхніка рэзалася на кавалкі металу і вывозілася на Захад.
Паводле Шэймана, ён тады запатрабаваў «хаця б пакінуць рамкамплекты, каб рамантаваць нашую беларускую тэхніку». Потым Лукашэнка сам выехаў на завод і даў каманду спыніць знішчэнне тэхнікі і ўзбраення.
Нагадаем, раней Лукашэнка называў вывядзенне з Беларусі ядзернай зброі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя вялікай памылкай. Яшчэ ў 2010 годзе падчас рабочай паездкі ў Мазырскі раён ён расказваў, што быў вымушаны падпісаць адпаведную дамову пад ціскам Расіі і ЗША.
Вінаватымі пры гэтым ён называў ранейшыя ўлады Беларусі: «Лічу, што вывад з Беларусі ядзернай зброі на тых умовах, як гэта ажыццявілі ў свой час нашыя нацыяналісты, было вельмі жорсткай памылкай. Мне давялося падпісваць гэтую дамову, бо падзецца не было куды: на мяне ціснулі і Расія, і амерыканцы — выводзьце, бо паабяцалі. Нельга было, гэта найвялікшы здабытак, гэта дарагі тавар, які мы, урэшце, мусілі добра прадаць».
У канцы 2021 года стала вядома, што праект новай Канстытуцыі Беларусі акрамя іншых змяненняў страціў дзве важныя нормы ранейшага дакумента: абазначанага імкнення да нейтралітэту і пастаўленай раней мэты зрабіць сваю тэрыторыю бяз’ядзернай зонай.
Летась Мінск і Масква дамовіліся размясціць у Беларусі расійскую тактычную ядзерную зброю. Лукашэнка заявіў, што гэта «адэкватная рэакцыя» на «паскораную мілітарызацыю Усходняй Еўропы».
Чытайце таксама