Старшыняваць у ЕАЭС у 2025 годзе будзе Беларусь. Паводле традыцыі, саміты ЕАЭС мусяць праходзіць у нашай краіне. Але адзін з лідараў ЕАЭС, прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, адразу папярэдзіў, што ў Мінск не прыедзе, а прысутнічаць на саміце будзе анлайн. Беларуская прапаганда паспрабавала растлумачыць чаму — не сказаўшы пра матывы армянскага прэм’ера, але развіўшы тэорыю змовы.
«Калі вы ведзяце перамовы ў цесным і закрытым коле, усе разумеюць, што за межы гэтай залы нічога не выйдзе. І гутарка ідзе абсалютна адкрыта і даверліва. А калі вы падключаецеся да размовы ў фармаце відэасувязі? Тэхналогіі дазваляюць сёння знайсці нават самы закрыты канал. Памятаеце, як амерыканскія спецслужбы праслухоўвалі мабільны тэлефон былога канцлера Германіі Ангелы Меркель? Сачэнне вялося цягам 10 гадоў», — паспрабавалі растлумачыць пытаннямі бяспекі жаданне Аляксандра Лукашэнкі бачыць Нікола Пашыняна ў Мінску асабіста.
«Ды і потым, мы ведаем, якое павуцінне вакол Арменіі пляце ЗША. Вы ўпэўненыя, што Нікол Пашынян быў адзін у кабінеце падчас саміту і што менавіта праблемы з сувяззю, як было растлумачана, перашкодзілі яму своечасова падключыцца да перамоваў? (падчас саміту Нікол Пашынян спазніўся на некалькі хвілін праз праблемы з сувяззю. — Заўв. рэд.)», — задаліся пытаннем беларускія прапагандысты.
На самай справе Нікол Пашынян ужо другі год імкнецца пазбягаць самітаў з удзелам Беларусі і Расіі. Нагадаем, у сакавіку Пашынян заявіў, што Арменія замарозіла ўдзел у АДКБ. 13 чэрвеня падчас абмеркавання выканання бюджэту 2023 года ў армянскім парламенце прэм’ер-міністр сказаў, што наступным «лагічным крокам» Ерэвана будзе выхад з арганізацыі. Умовай вяртання ў АДКБ Пашынян назваў выхад Беларусі, а таксама прабачэнні Аляксандра Лукашэнкі армянскаму народу за словы падтрымкі Баку падчас вайны 2020 года.
Пашынян таксама заявіў, што больш ніколі не паедзе ў Мінск.
Нагадаем, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка настойліва клікаў Нікола Пашыняна ў Мінск, але той адразу зазначыў, што ў Беларусь не паедзе.