Урад Беларусі склаў паўнамоцтвы. Адпаведную пастанову падпісаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка. Аляксандр Лукашэнка ў сваю чаргу 3 лютага падпісаў указ пра падаўжэнне паўнамоцтваў урада.
Выбары-2025, як і любая электаральная кампанія пасля прыходу ў 1994 годзе да ўлады Аляксандра Лукашэнкі, ні сумленныя, ні свабодныя. Падрабязней пра тое, як рэжым дзесяцігоддзямі крадзе галасы беларусаў і беларусак, мы расказалі ў праекце «Без выбару».
«Урад згодна з Канстытуцыяй склаў паўнамоцтвы перад зноў абраным прэзідэнтам. Пастанова ўступае ў сілу з дня яе прыняцця», — гаворыцца ў паведамленні.
«З мэтай забяспечання бесперабойнай працы выканаўчай вертыкалі ўлады» Лукашэнка сваім указам даручыў прэм’ер-міністру, яго намеснікам, міністрам, старшыням дзяржкамітэтаў і кіраўніку апарата Савета Міністраў працягнуць выкананне абавязкаў да фармавання новага складу ўрада.
Аляксандр Лукашэнка, якога ЦВК назваў «абраным прэзідэнтам», мусіць назваць новы склад урада або перапрызначыць стары. Фармальна яму патрабуецца на гэта згода парламента, але практыка паказвае, што такія рашэнні Лукашэнкі праводзяць «задняй датай».