Пракуратура Гродна па выніках праверкі, праведзенай сумесна з АБЭЗ, распачала крымінальную справу супраць прадстаўніцтва швейцарскай фармацэўтычнай кампаніі Alpen Pharma ў Беларусі, паведамляе прэс-служба пракуратуры.
«Згодна з матэрыяламі справы, 31-гадовая падазраваная цягам 2 гадоў сістэматычна давала ад імя прадстаўніцтва „Alpen Pharma AG“ незаконныя грашовыя ўзнагароды медыцынскім работнікам установаў аховы здароўя рэгіёна за прасоўванне вырабляных гамеапатычных і лекавых прэпаратаў», — гаворыцца ў прэс-рэлізе.
Сцвярджаецца, што дакладна гэтак жа перадача незаконных узнагароджанняў для медыкаў была наладжаная па ўсёй краіне.
Падазраванымі па справе прызнаныя 12 прадстаўнікоў кампаніі па абласцях і Мінску. Кіраўніцу прадстаўніцтва з санкцыі гродзенскага пракурора ўзялі пад варту, галоўнага спецыяліста па рэгіянальным развіцці адпусцілі пад заклад.
Швейцарская Alpen Pharma, як гаворыцца на яе сайце, займаецца вытворчасцю, прасоўваннем і дыстрыбуцыяй лекавых сродкаў, арганізацыяй і правядзеннем клінічных выпрабаванняў прэпаратаў, іх рэгістрацыяй, працуе па ўсёй Еўропе і ў Азіі. У Беларусі кампанія дзейнічае з 2009 года.