Раману Пратасевічу, якога працягваюць судзіць па «справе NEXTA», 13 красавіка ў Мінскім абласным судзе выставілі новае, больш жорсткае, абвінавачанне, паведамляе РІА «Новости». Тое самае закранула і Яна Рудзіка, які, у адрозненне ад Пратасевіча, знаходзіцца за мяжой.
Дзяржабвінаваўца Наталля Сакалова ў чацвер працягнула зачытваць змененыя абвінавачанні. Нагадаем, заснавальніку NEXTA Сцяпану Пуцілу на мінулым тыдні абвінавачванне змякчылі, прыбраўшы пункт пра навучанне і матэрыяльнае забяспечанне асобаў для ўдзелу ў беспарадках і дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
З Пратасевіча і Рудзіка гэтае абвінавачанне таксама знялі. Але дадалі іншае — значна больш сур’ёзнае: іх абвінавацілі ў паўторным кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем.
Паводле новага абвінавачання, першапачаткова Раман Пратасевіч у траўні-верасні 2020 года быў галоўным рэдактарам NEXTA і разам з іншымі фігурантамі кіраваў гэтым «экстрэмісцкім фарміраваннем». Але затым ён пераехаў з Варшавы ў Вільнюс і да траўня 2021 года кіраваў ужо іншым «экстрэмісцкім фарміраваннем» — тэлеграм-каналам і сацсеткамі «Беларусь галаўнога мозгу», прасоўваючы там павестку, аналагічную NEXTA. Тым самым ён паўторна здзейсніў кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем.
Такая ж логіка новага абвінавачання Яна Рудзіка, які, згодна з матэрыяламі справы, пасля працы ў NEXTA з чэрвеня 2021-га да траўня 2022 года (пасля затрымання Пратасевіча) кіраваў «Беларуссю галаўнога мозгу».
«Падчас судовага слухання паўстала неабходнасць выставіць Пратасевічу больш цяжкае абвінавачанне ў параўнанні з раней выстаўленым і істотна адрознае ад яго», — патлумачыла дзяржабвінаваўца.
У судзе абвешчаны перапынак да 19 красавіка, каб Раман Пратасевіч мог азнаёміцца з новым абвінавачваннем. Пасля гэтага яго чакае новы допыт у судзе.
Новы артыкул абвінавачання фігурантаў (ч. 2 арт. 361−1 КК) прадугледжвае да дзесяці гадоў пазбаўлення волі.
Такім чынам, цяпер Раман Пратасевіч абвінавачваецца па наступных артыкулах:
- распальванне сацыяльнай варожасці і варожасці (ч. 3 арт. 130 КК Беларусі);
- арганізацыя масавых беспарадкаў (ч. 1 арт. 293 КК Беларусі);
- арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады (ч. 1 арт. 342 КК Беларусі);
- публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь (ч. 3 арт. 361 КК Беларусі);
- стварэнне экстрэмісцкага фарміравання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361−1 КК Беларусі);
- кіраўніцтва экстрэмісцкім фарміраваннем, здзейсненае паўторна (ч. 2 арт. 361−1 КК);
- паклёп і публічная абраза Лукашэнкі (ч. 2 арт. 367, ч. 2 арт. 368 КК Беларусі);
- змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам (ч. 1 арт. 357 КК Беларусі);
- фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці (ч. 2 арт. 361−2 КК Беларусі);
- дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь (арт. 369−1 КК Беларусі);
-
арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі (ч.1 арт. 290−5 КК Беларусі).
Нагадаем, суд па «справе NEXTA» пачаўся 16 лютага. Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць «завочна», Раман Пратасевіч прыходзіць на паседжанні ў якасці абвінавачанага. 7 красавіка пракурор агучыла суму шкоды па гэтай справе — не менш за 30 мільёнаў рублёў.
Чытайце таксама