Педыятру з Бабруйска Міхаілу Самборскаму 42 гады, у мужчыны тры дачкі. У самым пачатку размовы ён з усмешкай расказвае, што вельмі любіў сваю працу і ведаў, напэўна, амаль усіх дзяцей горада. Але цяпер і медыцынская практыка, і звыклае жыццё для яго засталіся за спінай. Усё змянілася пасля затрымання проста ў бальніцы, вярбоўкі КДБ і экстраннага ад’езду з краіны. Цяпер Міхаіл жыве ў Польшчы, хоча зноў займацца медыцынай і спадзяецца аднойчы ўсё ж вярнуцца дадому.
«Калі ты нармальны доктар, то мусіш дапамагчы, хай і сам пацярпіш»
2020 год не стаў для Міхаіла пераломным. Мужчына падкрэслівае: яшчэ задоўга да гэтага ён цікавіўся беларускай гісторыяй і культурай, лічыў сябе патрыётам. У тым ліку змагаўся за правы беларускай мовы.
— Не скажу, што атрымлівалася вельмі паспяхова, але вось усё сваё справаводства і дакументацыю вёў на ёй, — расказвае доктар. — З пацыентамі размаўляў заўсёды па-беларуску. Ладзіў нават акцыі ў падтрымку беларускай мовы, стараўся выказвацца ў сацсетках. Ездзіў па ўсёй краіне на розныя экскурсіі і мерапрыемствы.
Тым летам суразмоўца не дапускаў і думкі пра такое жорсткае развіццё падзей, якое пачалося пасля выбараў. Здавалася, што ўсё будзе інакш, краіна пойдзе ў бок еўрапейскіх каштоўнасцяў і дэмакратыі.
— Самыя сумныя і трагічныя падзеі я прапусціў, бо ў мяне якраз быў адпачынак, і мы з сям’ёй адпачывалі на моры, — успамінае ён. — І толькі 15 ці 16 жніўня паехалі дадому. Атрымалася, што я пакінуў краіну ў адным выглядзе, а вярнуўся ў поўны жах. Таму з першых дзён, як прыехаў, уключыўся ва ўсё, што адбываецца. Удзельнічаў у акцыях пратэсту, дапамагаў палітвязням, праводзіў заняткі па першай дапамозе. Мне гэта было трэба, каб паважаць самога сябе.
Праз падзеі таго лета Міхаіл сур’ёзна сварыўся з калегамі. Успамінае: тады няшмат дактароў з ягонага атачэння падтрымала пратэстоўцаў і выступіла супраць гвалту.
— У нашай прафесіі ты мусіш не проста мець дыплом, але і адпаведныя маральныя якасці, — упэўнены доктар. — І мяне абурала, што людзі, якія са мной працавалі, рабілі выгляд, нібыта нічога не адбываецца. Нашае пакліканне — ратаваць людзей, дапамагаць ім. У нас у крыві мусіць быць самаахвярнасць. Вось колькі разоў у мяне ў працы былі сітуацыі, калі разумееш, што справа ўжо сур’ёзная, ёсць пагроза жыццю. Тады ўжо не думаеш ні пра што, якія наогул ежа, сон, яшчэ нешта, калі трэба выратаваць чалавека. І я моцна палемізаваў з імі. Мне казалі: «Дактары мусяць быць па-за палітыкай». Але не па-за гонарам і сумленнем жа! І не хавацца, як прусакі па кутах. Калі ты нармальны доктар, для цябе няма іншых варыянтаў дзеянняў: ты мусіш дапамагчы, хай і сам пацярпіш. Лепш ты загінеш, чым усё сваё астатняе жыццё застанешся з пагардай і з гідлівасцю да сябе самога.
На такім піку натхнення і чакання пераменаў мужчына пратрымаўся прыкладна да лістапада 2020-га. Потым, успамінае суразмоўца, стала ясна, што ўсё ідзе не так, як хацелася:
— Гэта не значыла, што трэба змірыцца, але было зразумела, што нічога добрага найбліжэйшым часам не свеціць. Тое, што было мне вельмі дарагое, знішчалася. І людзі, якія мне вельмі дарагія і якіх я паважаю, трапілі пад рэпрэсіі.
«Адміністрацыя і галоўны ўрач стаяць і глядзяць, як мяне вядуць»
Снежань 2022 года сур’ёзна змяніў жыццё Міхаіла і яго сям'і. Тады проста на працу да мужчыны прыйшлі сілавікі.
— У той дзень мяне тэрмінова выклікалі да галоўнага ўрача. Прыходжу — адразу ж падыходзяць два мужыкі, бяруць за рукі і ўсё, наперад. І нямая сцэна: адміністрацыя і галоўны ўрач стаяць і глядзяць, як мяне вядуць, — успамінае Самборскі. — Наогул затрымлівалі супрацоўнікі наркакантролю. Яны тады сказалі, што я нібыта прадаваў наркотыкі і мяне за гэта пасадзяць на 10−15 гадоў. Вядома, я нічога такога не рабіў. Праз нейкі час прыехалі кадэбэшнікі і кажуць: «Вось, мы цябе выратавалі, ты нам абавязаны сваім жыццём. Калі будзеш сябе дрэнна паводзіць, наступным разам мы цябе не выратуем». І пасля гэтага пачаўся допыт: кадэбэшнікі хацелі, каб я з імі супрацоўнічаў. У мяне вельмі шмат знаёмых і сяброў у пэўных колах, якія мне безумоўна давяраюць. І сілавікі хацелі, каб я расказваў усё пра ўсіх. Пагражалі, што пасадзяць па наркатычным артыкуле, што прыйдуць па жонку, а дзяцей забяруць. Мне падалося, што гэта не блеф, што яны насамрэч так і зробяць.
Акрамя спробаў завербаваць сілавікі спрабавалі і «перавыхаваць» медыка. Пыталі, навошта ён выказваўся супраць улады і гвалту, што яго не задавальняла і гэтак далей.
— Яны казалі: «Ты атрымліваў вялікі заробак, дзве тысячы рублёў. І што цябе штурхнула на шлях экстрэмізму, на злачынствы?» У іх вось такая логіка, маўляў, «чаго табе не хапала?». Дык у мяне заробак такі, бо я працаваў за дваіх ці за траіх, — канстатуе суразмоўца. — І на «шлях тэрарызму» мяне штурхнула жаданне самому сабе даказаць, што я нармальны чалавек.
Пасля допыту мужчыну адпусцілі: давялося паабяцаць, што ён будзе выконваць усе патрабаванні кадэбэшнікаў. Падчас гутаркі Міхаіл рашуча падкрэслівае, што нічым такім займацца не збіраўся. Але ў той момант нічога іншага сказаць не змог — інакш не выйшаў бы на волю. Пры гэтым ён упэўнены, што, калі б і стаў актыўна супрацоўнічаць, усё роўна трапіў бы за краты. Проста крыху пазней.
— Выйшаў адтуль, а другой гадзіне ночы, паехаў дадому. Зразумела, што сям’я нервавалася і перажывала ўвесь гэты час, бо цэлы дзень не было сувязі. Але адрэагавалі проста: добра, што жывы, што не забілі і не скалечылі, — успамінае Міхаіл. — На наступны дзень паехаў на працу, а там аказалася, што мяне ўжо звольнілі. То-бок усё начальства было ўпэўненае, што больш мяне не ўбачыць. У іх ужо на восем раніцы былі нарыхтаваныя ўсе акты наперад, што столькі дзён мяне няма на працы. Нават смешна стала. І потым самі кадэбэшнікі яшчэ бегалі і завіхаліся, каб мяне назад узялі — ім жа трэба было, каб я працаваў і супрацоўнічаў.
Пасля затрымання і допыту Самборскі заставаўся ў Беларусі каля паўгода. Мужчына ўспамінае, што сілавікі ўвесь час кантралявалі і яго, і жонку, правяралі лаяльнасць.
— Яны відавочна не верылі мне, — лічыць ён. — І мы жылі нібы з пятлёй на шыі. Адсочвалася маё месцазнаходжанне, у кватэры відавочна стаялі жучкі. То-бок я жонцы ў ложку нешта на вуха шаптаў ноччу, а ўжо на наступны дзень кадэбэшнікі ведалі пра гэта. І за ёй жа таксама быў пастаянны кантроль, ні секунды без назірання. Так што гэта было не жыццё.
Але вось прычынай хуткага ад’езду стала іншае. Міхаіл даведаўся, што некалькіх ягоных калегаў могуць затрымаць. Ён змог паведаміць ім і пра гэта, і пра пастаяннае назіранне за сабой.
— Зразумела, ніяк немагчыма было, каб я ведаў такое і не расказаў ім. Я мусіў папярэдзіць, — упэўнена кажа ён. — Потым давялося з’язджаць, каб не сесці ў турму. Падрабязнасцяў, прабачце, раскрыць не магу.
Арганізаваць ад’езд было вельмі складана, гэта была велізарная рызыка для бабруйчаніна і ягонай сям'і. Тое, што ўсё атрымалася, ён называе цудам.
— Мы з’язджалі ў канцы чэрвеня 2023-га, але паасобку. Жонка і дзеці не ведалі, куды і навошта едуць, пакуль не апынуліся ў бяспечным месцы. Ні я, ні нехта яшчэ з імі гэтага не абмяркоўваў. Увогуле, была вельмі складаная сістэма, і мы практычна нічога не змаглі з сабой узяць з рэчаў, — расказвае ён. — Прыехалі ў Арменію. Там я практычна кожны дзень вучыў польскую і стараўся аднавіцца пасля ўсяго перажытага.
«Галоўнае, усе разам, у бяспецы, жывыя і здаровыя»
Месяц таму сям’я Міхаіла пераехала ў Польшчу. Сваё цяперашняе становішча ён апісвае проста: «Я страціў і дом, і працу, і нармальнае жыццё». Але на сітуацыю не скардзіцца, дадаючы, што яму пашанцавала больш, чым многім беларусам.
— У Польшчы я яшчэ толкам не адаптаваўся. Мы жывём у цэнтры для бежанцаў: умовы даволі аскетычныя, затое за жыллё плаціць не трэба, — разважае суразмоўца. — Да таго ж тут нам аказваюць юрыдычную дапамогу і не толькі. Цяпер знайшоў працу на ферме. Ніколі не працаваў фізічна, але што зробіш? Вядома, збіраюся вярнуцца ў медыцыну, актыўна вывучаю мову. Тым больш у Польшчы ёсць і іншыя дактары, мы адно аднаго падтрымліваем. Пацверджанне дыплома патрабуе вельмі сур’ёзных матэрыяльных укладанняў, але я думаю, што іншага варыянту ў мяне няма. А так нічога, паціху спраўляемся. Галоўнае, усе разам, у бяспецы, жывыя і здаровыя. А матэрыяльнае — гэта справа нажыўная. Тут шмат украінцаў, і таксама людзі ўсё страцілі. Так што ў нас яшчэ не самая цяжкая сітуацыя. Тым, хто цяпер у турме, у гэтых засценках, значна горш.
Для жонкі Міхаіла, расказвае ён, самае галоўнае, што сям’я разам. Дочкі таксама адаптуюцца: сярэдняя пайшла ў школу, у якой ёй вельмі падабаецца, а малодшай проста ўсё вакол вясёлае і цікавае. Сам жа мужчына займаецца з псіхолагам, каб пазбавіцца наступстваў зносін з сілавікамі.
— Я да нядаўняга часу наогул не мог ні з кім размаўляць пра тое, што перажыў, — дзеліцца ён. — Толькі дзякуючы дапамозе спецыяліста пачало атрымлівацца, паволі траўмы лечацца. Але часам мне цяжка, хоць я дарослы чалавек. Галоўнае, я выразна ўсведамляю, што ў мяне ёсць такая праблема, і прымаю ўсе меры, каб яе вырашыць. Але трэба час, гэта ж не стрэмка, якую дастаў, і ўсё.
Пра свой выбар Міхаіл не шкадуе. Азіраючыся назад, прызнаецца: калі б ведаў, як усё будзе, дзейнічаў бы крыху інакш, падаслаў бы саломкі ў патрэбных месцах.
— Але вось памяняць свае прынцыпы і погляды — не, гэта было б немагчыма. Не тое каб я герой нейкі, але ёсць рэчы, якія сапраўды важныя, — упэўнены ён. — Увогуле, стратэгічна так бы і рабіў, а вось тактычна крыху інакш, разумней. Хоць, вядома, па шкодзе мы ўсе разумныя.
Жыццё ў Польшчы бабруйчанін разглядае як часовае. Мяркуе, што дзеці могуць застацца, але вось сам Міхаіл упэўнены, што вернецца дадому.
— Ну, а як інакш? — задае ён рытарычнае пытанне. — Як толькі будзе магчымасць, як толькі не стане рэжыму. Мне здаецца, пасля перамогі над Расіяй будуць створаныя перадумовы для таго, каб людаедская ўлада змянілася на нешта больш прыдатнае для жыцця. І пачнецца шлях у бок цывілізацыі і дэмакратыі. Гэта ж мая зямля, мая краіна. Хто будзе займацца яе аднаўленнем, калі там застаецца ўсё менш нармальных людзей? Трэба будзе вяртацца і рабіць нешта, само нічога не здарыцца.
BYSOL абвясціў збор сродкаў для Міхаіла Самборскага і яго сям'і. Рэквізіты для дапамогі — па спасылцы.
Чытайце таксама


