З касмадрома Байканур 21 сакавіка мусіла стартаваць ракета «Саюз-2.1а» з пілатаваным караблём на МКС. У камандзе асноўнага складу экіпажа 21-й экспедыцыі — беларуска Марына Васілеўская. Пуск мусілі ажыццявіць у 16.21, аднак у апошні момант яго адмянілі, паведамілі ў трансляцыі на YouTube-канале «Раскосмасу».
У апошнюю хвіліну перад запускам палёт не адбыўся — як паведамілі ў трансляцыі, на стартавым комплексе прайшла аўтаматычная адмена пуску. Агрэгаты стартавага комплексу неабходна прывесці ў першапачатковы стан і падрыхтавацца да стаянкі 24 гадзіны.
Пуск ракеты адклалі. Экіпаж вернецца ў гатэль, паведамляе «МИР24».
Як паведамілі ў NASA, наступная даступная дата пуску — у суботу, 23 сакавіка. Гэтую інфармацыю пацвердзіў і гендырэктар дзяржкарпарацыі «Раскосмас» Юрый Барысаў.
У NASA лічаць прычынай адмены пуску праблемы з рухавікамі ракеты, якая мусіла адправіць карабель з экіпажам на МКС: сцвярджаецца, што яны не ўключыліся ў належны час. Пры гэтым запуск ракеты з караблём быў адменены прыкладна за 20 секунд да старту.
У сваю чаргу Юрый Барысаў заявіў, што прычына ў прасадцы напружання хімічнай крыніцы току: «Нічога страшнага не адбылося, экіпаж здаровы. Рэзервовая дата запуску — 23 сакавіка 17.36 паводле мясцовага часу (15.36 паводле мінскага. — Заўв. рэд.)».
Інцыдэнт з адменай запуску пілатаванага карабля «Саюз МС-25» за 20 секунд да старту здарыўся ўпершыню ў гісторыі расійскай касманаўтыкі, заявіў ТАСС гісторык касманаўтыкі Аляксандр Жалезнякоў.
— Такога канкрэтна ніколі яшчэ не было. У гісторыі айчыннай касманаўтыкі вось так непасрэдна перад камандай «старт» пускаў пілатаваных караблёў не адмянялі. Былі іншыя эксцэсы, а такога кшталту інцыдэнтаў не было. З беспілотнымі — здаралася, а з пілатаванымі — не, — сказаў Жалезнякоў.
Нагадаем, у асноўны экіпаж касмічнага карабля «Саюз МС-25», які мусіў быць выведзены ракетай на арбіту, увайшлі касманаўт «Раскосмасу» Алег Навіцкі, астранаўтка NASA Трэйсі Дайсан і беларуска Марына Васілеўская. З 2017 года дзяўчына працуе бортправадніцай у авіякампаніі «Белавія». У снежні 2022 года яна паспяхова прайшла выпрабаванні на цэнтрыфузе, дзе перанесла васьміразовую перагрузку.
Планавалася, што Навіцкі і Васілеўская прабудуць на борце станцыі 12 сутак і вернуцца на зямлю 2 красавіка на караблі «Саюз МС-24» разам з астранаўткай NASA Лорал О’Хара.
Трэйсі Дайсан будзе працаваць у космасе 186 сутак і прызямліцца 23 верасня на караблі «Саюз МС-25» разам з Алегам Кананенкам і Мікалаем Чубам.