Лідчаніна Віталя Макарэвіча, які знік у Польшчы, 16 жніўня знайшлі на вакзале ў Беластоку. Пра гэта паведаміла жыхарка горада ў мясцовай эмігранцкай групе ў Facebook.
Жанчына расказала, што напярэдадні бачыла абвестку пра знікненне беларуса, а ў пятніцу сустрэла яго на вакзале. Мужчына расказаў ёй, што яго абакралі.

«Спрабуем купіць білеты дадому. Дапамажыце знайсці жонку», — напісала беластачанка.
Пазней яна патлумачыла, што ў мужчыны скралі тэлефон і торбу, пры гэтым дакументы засталіся пры ім. Жанчына сказала, што ўжо змагла адшукаць жонку Віталя і звязацца з ёю.
«Цяпер арганізоўваем яму хостэл і адпраўку дадому», — сказала яна.
Пры гэтым яна адзначыла, што мужчына быў у цяжкім псіхалагічным стане і не хацеў вяртацца — яго давялося ўгаворваць.
У каментарах беларусы горача дзякавалі ёй са словамі: «Не перастаю захапляцца нашымі людзьмі». На гэта жанчына адказала: «Якая розніца, нашыя, вашыя? Я з Украіны, але дапамагаць людзям трэба незалежна ад нацыянальнасці».
Нагадаем, пра знікненне Віталя Макарэвіча паведамлялася ў чацвер. Мужчына ехаў з Ліды ў Сувалкі. 13 жніўня ён праз тэлефон паведаміў, што знаходзіцца ў Беластоку, і з таго часу не выходзіў на сувязь.