Аляксандр Лукашэнка патрабуе нарасціць у два разы тэмпы будаўніцтва мінскага метро і пры магчымасці зменшыць кошт работ. А калі ўсё атрымаецца, то паабяцаў кіраўніку Мінгарвыканкама Уладзіміру Кухараву званне Героя Беларусі, паведамляе яго прэс-служба.
Старшыня Мінскага гарвыканкама Уладзімір Кухараў расказаў, што ў 2024 годзе сталічны метрапалітэн перавёз 249 млн пасажыраў. Чакаецца, што з уводам трох новых станцый колькасць вырасце да 260 млн.
«У цэлым тры станцыі абышліся ў 832 млн беларускіх рублёў. Адзін кіламетр у даляравым эквіваленце — каля 70 млн. У нашых суседзяў атрымліваецца ў два разы даражэй», — адзначыў Уладзімір Кухараў.
«Нямала, але нікуды не падзенешся, — адказаў Лукашэнка. — Нікуды не падзенемся, у Мінску трэба рабіць метро сапраўднае, добрае метро».
Пры гэтым ён запатрабаваў падвоіць тэмпы будаўніцтва.
«Калі ты будзеш даўжэй будаваць, ты заплаціш заўсёды больш. Будзем старацца фінансаваць як след. Але калі б ты сказаў, што кіламетр не 70 мільёнаў, а 50 каштуе — усё, зорка Героя табе і ім (будаўнікам метрапалітэна). Але пакуль 70», — дадаў Лукашэнка.
Нагадаем, Герой Беларусі — дзяржаўная ўзнагарода Беларусі, найвышэйшае званне, якое прысвойваецца за заслугі, звязаныя са здзяйсненнем подзвігу. На сёння гэтую ўзнагароду атрымалі 14 чалавек, у тым ліку экс-кіраўнік Нацбанка Пётр Пракаповіч і касмічная турыстка Марына Васілеўская.