Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


Вялікабрытанія нарэшце пагадзілася паставіць Украіне паўнавартасныя танкі — свае асноўныя баявыя машыны Challenger 2. Гэта адна з самых вядомых такіх машын у свеце, якая ў нечым моцна адрозніваецца ад усіх астатніх мадэляў заходняй (не кажучы ўжо пра савецкую) школы танкабудавання. Расказваем яго гісторыю і ацэньваем, на што здольны «Чэленджар 2».

Брытанскі танк, але не для Вялікабрытаніі

Гэта можа падацца незвычайным, але свой самы сучасны танк брытанцы пачалі распрацоўваць не для сябе. Машыну, якая потым атрымала назву Challenger (або Challenger 1), адна з найбуйнейшых абаронных кампаній Вялікабрытаніі Vickers Defence Systems у садружнасці з навукова-даследчым цэнтрам MVEE пачала ствараць у другой палове сямідзясятых гадоў для… Ірана.

Тады гэтая блізкаўсходняя краіна яшчэ не стала фактычнай тэакратыяй і краінай-ізгоем, яе ўзначальваў шах Махамед Рэза Пехлеві. Гэты кіраўнік знаўся на сучаснай тэхніцы і ўзбраеннях (нават калі яго зрынулі ў 1979 годзе, шах з сям’ёй пакінуў Тэгеран на асабістым самалёце, які пілатаваў самастойна) і ахвотна закупляў заходнюю зброю. Калі б у Іране не здарылася ісламская рэвалюцыя, машына, вельмі падобная да «Чэленджара», хутчэй за ўсё і цяпер была б самым сучасным іранскім танкам.

Аднак у выніку кантракт на новую мадэль (якая першапачаткова называлася Shir 2) быў скасаваны, і дзялкі з Vickers Defence Systems вырашылі прапанаваць гатовы праект сваёй краіне. Вялікабрытанія на той момант мела моцную патрэбу ў новых танках (СССР да 80-х гадоў XX стагоддзя стварыў магутную армаду з сучасных машын Т-64, Т-72 і Т-80, магчымы наступ якіх трэба было адбіваць не менш сучаснымі аналагамі) — і машыне далі зялёнае святло.

Танк Challenger 1 британской армии, отправляющийся с миротворческой миссией в Боснию, 1990-е годы. Фото: Brian Gavin, defenseimagery.mil, commons.wikimedia.org
Танк Challenger 1 брытанскай арміі, які адпраўляецца з міратворчай місіяй у Боснію, 1990-я гады. Фота: Brian Gavin, defenseimagery.mil, commons.wikimedia.org

У 1983 годзе танкі Challenger 1 пачалі вырабляць на дзяржаўным заводзе ў Лідсе (пазней Vickers Defence Systems выкупіла яго) і да 1990 года вырабілі 420 штук.

Аднак ужо праз некалькі гадоў пасля пачатку вытворчасці выявіліся пэўныя недахопы машыны — і ў 1988 годзе кампанія-вытворца прадставіла мадэрнізацыю, якая і стала вядомая як Challenger 2. У танку дапрацавалі канструкцыю вежы, гарматы, сістэму кіравання агнём і хадавую частку.

Выпрабаванні «Чэленджара 2» пачаліся толькі ў 1989 годзе — так што на найбліжэйшую вялікую вайну з удзелам заходніх танкаў, то-бок аперацыю «Бура ў пустыні» ў Іраку, ён не паспеў, там ваявала яшчэ першая мадэль. Серыйная вытворчасць другой версіі стартавала ў 1994 годзе — да гэтага часу халодная вайна ўжо скончылася, але брытанцы ўсё роўна замовілі сучасны танк даволі буйной серыяй, каля 400 штук.

Цяпер менавіта «Чэленджар 2» — апошні танк, выраблены ў Вялікабрытаніі (прычым апошні ў літаральным сэнсе — у 2009 годзе краіна, якая некалі была першай у свеце танкабудаўнічай дзяржавай, наогул перастала рабіць гэтыя машыны). Ці будуць брытанцы, улічываючы ўсё большую напружанасць у свеце, аднаўляць вытворчасць Challenger 2, распрацуюць нешта новае або пакінуць усё як ёсць у надзеі на сваё астраўное становішча — невядома.

Намінальна Challenger 2 браў удзел у баявых дзеяннях: у 2000 годзе танкі адзначыліся падчас міратворчай аперацыі ў Косава, а ў 2003 годзе 120 машын аказаліся ў Іраку, калі міжнародная кааліцыя другі раз за 12 гадоў пачала кампанію супраць рэжыму Садама Хусэйна.

Ні ў першым, ні ў другім выпадку ў рэальных баях брытанскія машыны, наколькі вядома, не ўдзельнічалі, у Косава не было страчана ніводнага танка, у Іраку — адзін, і той ад дружалюбнага агню. Такім чынам, калі «Чэленджары» прыбудуць ва Украіну і дабяруцца да лініі фронту, гэта будзе для танка першая сапраўдная вайна (наўрад ці УСУ, калі асвояць машыны, пакінуць іх у тыле — працы на фронце для танкаў заўсёды хопіць).

Што ўяўляе сабой танк Challenger 2 і ў чым яго асаблівасці

З тэхналагічнага пункту гледжання «Чэленджар 2» уяўляе сабой танк класічнай кампаноўкі: спераду размешчанае аддзяленне кіравання, за ім — баявое, рухавік і трансмісія ў карме. Экіпаж складаецца з чатырох чалавек: механік-кіроўца знаходзіцца ў корпусе, а наводчык, зараджальнік і камандзір танка — у вежы. Наяўнасць зараджальніка характэрная для большасці заходніх танкаў — аўтаматы зараджання, звычайныя для машын савецкай школы, у краінах NATO (акрамя Францыі з яе танкам «Леклерк») амаль не выкарыстоўваюцца.

Внутреннее устройство танка «Челленджер» и размещение экипажа. Изображение: militaryarms.ru
Унутранае ўладкаванне танка «Чэленджар» і размяшчэнне экіпажа. Выява: militaryarms.ru

Гонарам брытанскага танка (і танкабудавання Вялікабрытаніі наогул) лічыцца браня «Чобхэм» (Chobham armour). Гэта кампазітная абарона, зробленая са складанай камбінацыі сталі і керамічных пласцін, дакладнага складу якой не ведае ніхто, акрамя стваральнікаў. Браня вельмі трывалая і добра вытрымлівае траплянні практычна любых снарадаў — як кумулятыўных (прабіваюць сталь з дапамогай скіраванага струмяня расплаўленага металу пад вельмі высокім ціскам), так і звычайных бранябойных, уключаючы бранябойныя апераныя падкаліберныя снарады (БАПСы, або «ламы»).

Вядома, што кумулятыўны струмень (КС), праходзячы праз «Чобхэм», хутка страчвае прабіўную здольнасць (чаргаванне слаёў абароны з рознай цвёрдасцю і шчыльнасцю скажае геаметрыю КС і выклікае яго дэстабілізацыю), а бранябойныя стрыжні пры ўдары ў брытанскую браню параўнальна лёгка разбураюцца. Гэта не азначае, зразумела, поўнай непрабівальнасці «Чэленджара», але на фоне іншых машын ён вылучаецца менавіта дасканалай бронеабаронай.

Гармата «Чэленджара 2» таксама даволі рэдкая для сусветнага танкабудавання. Рэч у тым, што, у адрозненне ад Т-90, «Арматы», «Абрамса» або «Леапарда 2», брытанскі танк абсталёўваецца не гладкаствольнай, а наразной гарматай (на ўнутраных сценках яе ствала прарэзаныя спецыяльныя каналы, якія падчас стрэлу надаюць боепрыпасу дадатковае кручэнне вакол восі і такім чынам павялічваюць яго дакладнасць). 120-міліметровая гармата L30A1 даўжынёй 55 калібраў (то-бок 55 дыяметраў снарада, які ўваходзіць у яе; у дадзеным выпадку агульная даўжыня складае 6,6 м) страляе ў тым ліку амаль не характэрнымі для іншых танкавых гармат бранябойна-фугаснымі снарадамі HESH, якія могуць даволі дакладна трапляць у цэль на высокай далёкасці (тэарэтычна да 8 кіламетраў), але малаэфектыўныя супраць танкаў — толькі супраць збудаванняў і лёгкабраніраванай тэхнікі.

З іншага боку, «Чэленджар 2» выкарыстоўвае снарады паасобнага зараджання (як савецкія танкі), а не ўнітарнага (як большасць заходніх) — то-бок снарад і «гільза» з парахавым зарадам захоўваюцца асобна — і асобна ж змяшчаюцца ў гармату. Гэта зніжае хуткасць стральбы, але яшчэ важней тое, што снарады паасобнага зараджання будуць мець горшую бронепрабівальнасць, чым сучасныя падкаліберныя боепрыпасы, у якіх доўгі «лом» затоплены ў гільзу — мы падрабязна пісалі пра гэта ў матэрыяле пра беларускую мадэрнізацыю танка Т-72Б — Т-72БМ2. Таму, як і ў савецкіх танкаў, здольнасць гарматы Challenger 2 прабіваць браню варожых машын будзе, хутчэй за ўсё, не на вышыні.

Основной боевой танак «Челленджер 2». Фото: Flickr/Simon Q/CC BY 2.0
Асноўны баявы танк «Чэленджар 2». Фота: Flickr/Simon Q/CC BY 2.0

Боекамплект у гарматы вельмі салідны і складаецца з 50 снарадаў, якія размяшчаюцца ў кармавой нішы вежы — то-бок аддзеленыя ад экіпажа, у адрозненне ад савецкіх танкаў, дзе танкісты літаральна сядзяць на аўтамаце зараджання з боекамплектам. Акрамя гарматы «Чэленджар 2» узбройваецца двума кулямётамі вінтовачнага калібра 7,62 мм і дымавымі гранатамётамі для стварэння завесаў. Магчымая ўстаноўка буйнакалібернага кулямёта калібрам 12,7 мм або аўтаматычнага гранатамёта.

Як і большасць сучасных заходніх танкаў, «Чэленджар 2» абсталёўваецца прасунутымі прыцэльнымі прыстасаваннямі, якія дазваляюць хутка і дакладна весці агонь. У прыватнасці, тут ёсць дзённы прыцэл камандзіра VS 580 з вуглом агляду 360° французскай вытворчасці, балістычны вылічальнік, цеплавізійны прыцэл для эфектыўнай начной стральбы, лазерны далямер, а для кіроўцы ёсць перыскоп, які дазваляе добра арыентавацца падчас язды як наперад, так і назад.

Рухавік танка дазваляе яму, нягледзячы на значную масу (да 75 тон у самай цяжкай версіі), развіваць хуткасць каля 60 кіламетраў у гадзіну і праязджаць на адной запраўцы паліва да 550 кіламетраў. Акрамя асноўнага матора машына мае дапаможную сілавую ўстаноўку для выпрацоўкі электраэнергіі, што сілкуе яе нават пры заглушаным асноўным рухавіку.

У 2021 годзе адбыўся амаль анекдатычны выпадак раскрыцця рэальных характарыстык «Чэленджара 2»: на форуме відэагульні War Thunder падчас спрэчкі адзін з гульцоў, раней камандзір брытанскага танка, выклаў сакрэтныя дакументы пра сваю машыну для службовага карыстання, каб павысіць рэалізм гульні. Такое свавольства магло каштаваць былому вайскоўцу да 14 гадоў турмы. Падобная гісторыя, зрэшты, адбывалася на форумах War Thunder яшчэ як мінімум двойчы — там выкладваліся дакументы, якія датычылі французскага танка Leclerc і снарадаў, што выкарыстоўваюцца кітайскімі танкамі.

Чым «Чэленджар 2» можа дапамагчы УСУ?

У першую чаргу — самім фактам свайго прыбыцця. Стаць фактарам, які пераломіць ход вайны, як РСЗА HIMARS, брытанскаму танку наўрад ці наканавана — іх паставяць толькі крыху больш за дзясятак, а гэта не тая колькасць, што можа кардынальна змяніць сітуацыю на фронце. Аднак еўрапейскія палітыкі, якія не спяшаюцца наладжваць пастаўкі танкаў Украіне (нагадаем, што з моманту першага абяцання Іспаніі адправіць УСУ машыны Leopard 2 прайшло больш за сем месяцаў, а колькасць асноўных баявых танкаў заходняй вытворчасці ва ўкраінскім войску да гэтага часу роўная нулю), паволі згаджаюцца з тым, што адпраўляць іх усё ж такі трэба.

Імаверна, першая пастаўка нарэшце прывядзе да таго, што бранятанкавае ўзбраенне пачнуць адпраўляць рэгулярна і ў вялікіх колькасцях (як пачалі адпраўляць, напрыклад, самаходкі).

Што да тактычна-тэхнічных характарыстык Challenger 2, то ў плюс танку, безумоўна, можна паставіць добрае браніраванне (асабліва пры адсутнасці ў расіян ракетных комплексаў трэцяга пакалення накшталт «Джавелінаў», якія б’юць тэхніку ў тонкі дах), добрую агляднасць і сістэму кіравання агнём. Наколькі крытычнай будзе не найлепшая бронепрабівальнасць гарматы танка і яго высокая маса — пакуль незразумела, гэта можа паказаць толькі рэальная вайна.