Знойдзеныя абломкі належаць знікламу батыскафу «Тытан». Пра гэта заявіў падчас прэс-канферэнцыі контр-адмірал берагавой аховы ЗША Джон Могер. Менавіта берагавая ахова ЗША займалася пошукамі зніклага падчас пагружэння да «Тытаніка» падводнага апарата.
Берагавая ахова ЗША пацвердзіла, што знойдзеныя раней абломкі — гэта часткі корпуса «Тытана»: кіраваны дыстанцыйна беспілотнік знайшоў хваставы абцякальнік судна непадалёк ад насавой часткі «Тытаніка». Пяць чалавек, якія былі на борце, лічацца загінулымі.
Мяркуючы з абломкаў батыскафа «Тытан», знойдзеных у паўночнай частцы Атлантычнага акіяна, падводны апарат быў разбураны скіраваным унутр «катастрафічным выбухам».
«Сёння раніцай беспілотны падводны апарат, запушчаны з судна Horizon Arctic, знайшоў хваставую абшыўку „Тытана“ прыкладна за 1600 футаў (прыкладна 480 метраў. — Заўв. рэд.) ад „Тытаніка“ на марскім дне. Пасля былі знойдзеныя дадатковыя абломкі. Пасля кансультацый з экспертамі была зробленая выснова, што абломкі сведчаць пра катастрафічную страту пасажырскай капсулы», — паведаміў Могер.
На ўдакладняльнае пытанне пра лёс экіпажа ён сказаў: «Я выказваю спачуванні сем’ям».
«Мы неадкладна апавясцілі сем'і ад імя берагавой аховы Злучаных Штатаў і ўсяго аб’яднанага камандавання», — заявіў прадстаўнік ведамства.
Берагавая ахова ЗША заявіла, што пошук целаў будзе працягнуты, але перспектывы няпэўныя, улічваючы складанасць работ на такой глыбіні.
У кампаніі OceanGate, якой належаў батыскаф, паведамілі, што жыцці пяці людзей на борце батыскафа «на жаль, былі страчаныя».
«Гэтыя людзі былі сапраўднымі даследчыкамі, якіх характарызаваў асаблівы дух прыгодаў і глыбокая жарсць да даследавання і абароны сусветных акіянаў, — гаворыцца ў заяве. — Нашыя сэрцы з гэтымі пяццю душамі і кожным членам іх сем’яў у гэты трагічны час».
Батыскаф «Тытан», які належыць кампаніі OceanGate Expeditions, у нядзелю адправіўся ў двухгадзінную місію да месца крушэння знакамітага лайнера, абломкі якога ляжаць на глыбіні 3,8 кіламетра ў Паўночнай Атлантыцы. Сувязь з апаратам страцілі праз адну гадзіну 45 хвілін пасля пугружэння, але пра здарэнне СМІ стала вядома на наступны дзень.
На борце апарата было пяць чалавек: заснавальнік OceanGate Expeditions Стоктан Раш, французскі акванаўт і даследчык «Тытаніка» Поль-Анры Наржале, брытанскі мільярдэр і касмічны турыст Хэміш Хардынг, пакістанскі бізнесовец Шахзада Давуд і яго сын Сулейман.
Пошукі ўзначальвае амерыканская берагавая ахова, бо гэтая частка Атлантычнага акіяна знаходзіцца ў юрысдыкцыі ЗША. У аперацыі таксама ўдзельнічаюць Канада і Францыя.
21 чэрвеня былі знойдзеныя абломкі ў зоне пошуку батыскафа, але эксперты не маглі адназначна сказаць, ці належаць яны «Тытану».