У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што УСУ спрабавалі высадзіць дэсант на Антонаўскім востраве ў Херсонскай вобласці. Ва ўкраінскім Генштабе паведамілі, што расійскія войскі вядуць наступальныя дзеянні на Ліманскім, Бахмуцкім, Мар'інскім і Шахцёрскім напрамках. У амерыканскім Інстытуце па вывучэнні вайны лічаць, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў краіне ў спалучэнні з прысутнасцю ПВК Вагнера Лукашэнка таксама можа выкарыстаць, каб супрацьстаяць кампаніі Крамля па паглынанні Беларусі праз Саюзную дзяржаву.
Расказваем пра галоўнае са зводак штабоў і высноваў экспертаў на 490-ы дзень вайны ва Украіне.
Генштаб УСУ: Расійскія войскі спрабавалі адбіць Раўнаполь
За мінулыя суткі армія РФ нанесла ўдары па тэрыторыі Украіны, у тым ліку пяццю крылатымі ракетамі паветранага базавання Х-22 і дзвюма зенітнымі кіравальнымі ракетамі з С-300. Акрамя таго, праціўнік нанёс 24 авіяцыйныя ўдары і правёў 42 абстрэлы з рэактыўных сістэм залпавага агню. На жаль, загінулі мірныя жыхары, у тым ліку дзеці, параненыя больш чым 50 цывільных, пашкоджаныя шматкватэрныя і дзясяткі прыватных жылых дамоў. Пра гэта паведамляе Генштаб УСУ ў ранішняй зводцы.
— На Северскім і Слабажанскім напрамках армія РФ з мінамётаў і артылерыі абстраляла больш за 20 населеных пунктаў Чарнігаўскай, Сумскай і Харкаўскай абласцей.
— На Купянскім напрамку артылерыйскім і мінамётным абстрэлам падвергліся больш чым 20 населеных пунктаў Харкаўскай вобласці.
— На Бахмуцкім напрамку расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні ў раёне Арэхава-Васільеўкі, поспеху не мелі. З артылерыі абстралялі раёны больш чым 15 населеных пунктаў.
— На Ліманскім напрамку расійскія войскі вялі беспаспяховыя наступальныя дзеянні ў кірунку Белагораўкі. З артылерыі абстралялі больш за 15 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Аўдзееўскім напрамку праціўнік нанёс авіяўдары ў раёне Аўдзееўкі. З артылерыі абстраляў раёны больш чым 20 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Мар'інскім напрамку расійскія войскі вялі наступальныя дзеянні ў раёнах Мар'інкі і Перамогі, але поспеху не мелі. Нанеслі авіяўдары ля Мар'інкі і Краснагораўкі, абстралялі больш за 10 населеных пунктаў Данецкай вобласці.
— На Шахцёрскім напрамку расійскія сілы спрабавалі наступаць у кірунку вёскі Раўнаполь. Нанеслі авіяўдары ў раёне Старажавога Данецкай вобласці, абстралялі больш за 15 населеных пунктаў у Данецкай вобласці.
— На Запарожскім і Херсонскім напрамках расійскія войскі канцэнтруюць асноўныя намаганні на недапушчэнні прасоўвання сіл УСУ. Праціўнік нанёс авіяцыйныя ўдары ў раёнах Арэхава і Новаданілаўкі Запарожскай вобласці, абстраляў з артылерыі больш за 50 населеных пунктаў Запарожскай, Днепрапятроўскай, Херсонскай вобласці і горад Ачакаў Мікалаеўскай вобласці.
— Авіяцыя Сіл абароны за мінулыя суткі нанесла 18 удараў па раёнах канцэнтрацыі асабовага складу праціўніка і шэсць — па яго зенітна-ракетных комплексах.
— Знішчаныя шэсць разведвальных БПЛА.
— Падраздзяленні ракетных войскаў і артылерыі пабілі пункт кіравання, два зенітныя ракетныя комплексы «Бук» і чатыры раёны канцэнтрацыі жывой сілы, узбраення і ваеннай тэхнікі расійскіх войскаў.
«У населеным пункце Гарнастаеўка Херсонскай вобласці акупанты забіраюць жыллё мясцовых жыхароў, якія выехалі на падкантрольную тэрыторыю Украіны або загінулі ў выніку баявых дзеянняў. Выкрадзенае жыллё маркіруецца таблічкамі „Уласнасць РФ“», — заявілі ў Генштабе.
Мінабароны Расіі: Нанеслі ўдар па пункце дыслакацыі камандавання 56-й мотапяхотнай брыгады УСУ
У Міністэрстве абароны Расіі заявілі, што Паветрана-касмічныя сілы нанеслі ўдары «высокадакладнай зброяй па аб’ектах нафтаперапрацоўкі і захоўвання паліва для забяспечання групоўкі УСУ на Данбасе. У горадзе Краматорск — па пункце часовай дыслакацыі каманднага складу 56-й мотапяхотнай брыгады УСУ.
— Цягам сутак Узброеныя сілы Украіны працягвалі спробы наступальных дзеянняў на Данецкім, Паўднёва-Данецкім і Запарожскім напрамках.
— На Данецкім напрамку падраздзяленні Паўднёвай групоўкі войскаў паспяхова адбілі пяць атак УСУ ў раёнах населеных пунктаў Арцёмаўск (Бахмут), Першамайскае, Пятроўскае і Вясёлае Данецкай вобласці. Страты УСУ склалі звыш 240 вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, два пікапы, а таксама самаходная артылерыйская ўстаноўка Krab.
— На Паўднёва-Данецкім напрамку ў раёне Урэмеўскага выступа групоўка войскаў «Усход» адбіла дзве атакі УСУ сіламі да мотапяхотнай роты кожная ў напрамку населенага пункта Старамаёрскае Данецкай вобласці.
— На Запарожскім напрамку авіяцыя, ракетныя войскі і артылерыя нанеслі ўдары па канцэнтрацыі рэзерваў УСУ ў раёнах населеных пунктаў Арэхаў, Малая Такмачка, Новаданілаўка і Ябланевае Запарожскай вобласці. У раёне населенага пункта Марфаполь Запарожскай вобласці спыненая дзейнасць дыверсійна-разведвальнай групы УСУ.
Агульныя страты УСУ на гэтых напрамках за суткі склалі да 235 вайскоўцаў, два танкі, тры баявыя браніраваныя машыны, два аўтамабілі, а таксама гаўбіцы Д-20 і «Мста-Б».
— На Купянскім напрамку ўдарамі авіяцыі, агнём артылерыі Заходняй групоўкі войскаў нанесенае паражэнне жывой сіле і тэхніцы УСУ ў раёнах населеных пунктаў Сінькоўка, Кіслоўка, Цімкаўка Харкаўскай вобласці і Навасёлаўскае Луганскай вобласці. Акрамя таго, у раёне населенага пункта Цімкаўка Харкаўскай вобласці знішчаная ўкраінская дыверсійна-разведвальная група. Страты УСУ склалі звыш 30 вайскоўцаў, а таксама тры аўтамабілі.
— На Чырвона-Ліманскім напрамку падраздзяленні групоўкі войскаў «Цэнтр» адбілі дзве атакі УСУ ў раёнах населеных пунктаў Кузьміно Луганскай і Грыгораўка Данецкай вобласці. Авіяцыя і артылерыя нанеслі паражэнне падраздзяленням 21-й, 42-й, 63-й, 67-й механізаваных брыгад УСУ і 15-га палка Нацгвардыі Украіны ў раёнах населеных пунктаў Чырвоная Дзіброва, Неўскае Луганскай вобласці, Ямпалоўка, Тэрны і Грыгораўка Данецкай вобласці. Акрамя таго, у раёне Серабранскага лясніцтва спыненая дзейнасць дзвюх украінскіх дыверсійна-разведвальных груп.
За суткі знішчаныя да 115 украінскіх вайскоўцаў, дзве баявыя браніраваныя машыны, тры пікапы, баявая машына рэактыўнай сістэмы залпавага агню «Град», самаходная артылерыйская ўстаноўка «Акацыя», а таксама гаўбіца Д-30.
— На Херсонскім напрамку знішчанае дыверсійна-выведвальнае падраздзяленне УСУ падчас спробы высадкі і замацавання ў раёне Антонаўскага моста. За суткі на гэтым напрамку знішчаныя да 50 украінскіх вайскоўцаў, тры аўтамабілі, а таксама гаўбіцы: «Мста-Б», Д-20 і Д-30.
Усяго за суткі, паводле МА РФ, нанесенае паражэнне 93 артылерыйскім падраздзяленням, жывой сіле і ваеннай тэхніцы УСУ ў 134 раёнах.
У раёнах населеных пунктаў Прадцечына і Вясёлае Данецкай вобласці пабітыя камандна-назіральныя пункты батальёнаў 63-й механізаванай і 10-й горна-штурмавой брыгад УСУ. У раёне населенага пункта Навапаўлаўка знішчаны склад ракет і боепрыпасаў 47-й артылерыйскай брыгады УСУ.
Сродкамі СПА перахопленыя тры крылатыя ракеты Storm Shadow і шэсць рэактыўных снарадаў сістэмы залпавага агню HIMARS. Знішчаныя восем беспілотных лётных апаратаў.
Інстытут па вывучэнні вайны: Пуцін не можа наўпрост ліквідаваць Прыгожына, не ператварыўшы яго ў пакутніка
Эксперты Інстытута па вывучэнні вайны (ISW) у свежай справаздачы працягваюць аналізаваць мяцеж Прыгожына і звязаныя з ім падзеі.
Яны адзначаюць, што прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін спрабуе прадставіць Яўгена Прыгожына карумпаваным хлусам, каб разбурыць ягоную рэпутацыю сярод наймітаў ПВК і ў расійскім грамадстве. Так, Пуцін 27 чэрвеня даў зразумець, што «ўладальнік кампаніі «Канкорд»» хлусіў пра незалежнасць ПВК і пра адсутнасць дзяржаўных кампенсацый наймітам. Пуцін упершыню з моманту заснавання ПВК Вагнера публічна заявіў, што Крэмль «цалкам фінансуе» і «цалкам забяспечвае» кампанію, а таксама ажыццяўляў розныя выплаты наймітам і іх сем’ям з федэральнага бюджэту Расіі.
— Намёкі Пуціна на тое, што Крэмль правядзе расследаванне ў дачыненні да кампаніі «Канкорд», могуць быць спробай апраўдаць канфіскацыю актываў Прыгожына з дапамогай абвінавачанняў у карупцыі.
— Пуцін рытарычна аддзяляе Прыгожына ад ПВК Вагнера і наўмысна пазбаўляе Прыгожына звання фінансіста кампаніі, каб падарваць ягоны аўтарытэт у ПВК.
— Крэмль вядзе інфармацыйную кампанію ў Расіі пра тое, што даруе байцам і камандзірам «Вагнера», спрабуючы пераканаць іх падпісаць кантакты з Міністэрствам абароны.
— Наўмысная спроба аддзяліць Прыгожына ад ПВК, імаверна, скіраваная на стварэнне інфармацыйных умоваў, каб абвінаваціць Прыгожына ў карупцыі або змове з Украінай ці Захадам.
Прыгожын пабудаваў свой асабісты брэнд на крытыцы расійскага вайсковага камандавання і бюракратаў за карупцыю і сувязі з заходнімі краінамі, і Пуцін, імаверна, спрабуе разбурыць папулісцкую прывабнасць Прыгожына, абвінавачваючы яго ў тых самых грахах, робяць выснову ў Інстытуце.
Аналітыкі кажуць, што Прыгожын па-ранейшаму мае пэўную падтрымку ў расійскім грамадстве і ў расійскіх рэгулярных войсках. Крамлю неабходна, каб гэтыя групы расчараваліся ў Прыгожыне і ён пазбавіўся народнай падтрымкі. Пры гэтым Маскве неабходна гэта зрабіць так, каб нападкі на Прыгожына не былі ўспрынятыя як атака на прыгожынскі папулярны наратыў пра пакаранне злачынна некампетэнтнага кіраўніцтва Мінабароны Расіі. Крэмль таксама працягне атакаваць Прыгожына, каб адбіць у вагнераўцаў ахвоту ісці за ім у Беларусь, і разбурыць яго фінансавую моц, кажуць эксперты. Пры гэтым яны адзначаюць, што Пуцін, імаверна, зразумеў, што не можа наўпрост ліквідаваць Прыгожына, не ператварыўшы яго ў пакутніка.
Аповед Аляксандра Лукашэнкі пра яго пасярэдніцтва паміж Пуціным і Прыгожыным 24−25 чэрвеня ў тандэме з прамовай Пуціна 26 чэрвеня сведчыць пра тое, што Пуцін паабяцаў Лукашэнку і Прыгожыну, што той і яго ПВК будуць мець «гарантыі бяспекі» ў Беларусі. Такім чынам, Лукашэнка, імаверна, здолеў пакуль забяспечыць пэўны прытулак для Прыгожына (у ISW адзначаюць, што ў сувязі з гэтым мяняюць сваю ранейшую выснову пра тое, што прапанова прытулку ў Беларусі, імаверна, была пасткай).
Разам з тым эксперты адзначаюць, што цяпер застаецца незразумелым, як адаб’ецца на бяспецы Прыгожына спроба Пуціна разбурыць ягоную рэпутацыю, тым больш што пагроза расследавання карупцыі адкрывае магчымасць выставіць Прыгожыну новыя абвінавачанні, «якія, як мяркуецца, не пакрываюцца абяцаннем Пуціна» не пераследаваць непасрэдна за мяцеж.
Што да знаходжання Прыгожына ў Беларусі, то, як лічаць эксперты:
— Лукашэнка, імаверна, імкнецца выкарыстаць ПВК Вагнера ў Беларусі, каб атрымаць прастору для манеўру і ўраўнаважыць крамлёўскую кампанію паглынання Беларусі праз Саюзную дзяржаву;
— Лукашэнка, імаверна, імкнецца ўсталяваць жорсткі кантроль над любымі сіламі групы Вагнера, якія накіроўваюцца ў Беларусь;
— Лукашэнка можа паспрабаваць выкарыстаць ПВК Вагнера ў Беларусі, каб зменшыць цяперашнюю структурную залежнасць беларускіх узброеных сіл ад расійскіх узброеных сіл у выкананні больш складаных аператыўных задач;
— Лукашэнка ўмяшаўся як пасярэднік, імаверна, часткова для таго, каб даць зразумець Пуціну і іншым высокапастаўленым крамлёўскім чыноўнікам, што Масква не павінная з ім жартаваць і што ён здольны паспяхова і незалежна дзейнічаць у расійскай палітыцы.
Асобна ў ISW адзначылі, што сваім аповедам пра тое, як ён вёў перамовы з Прыгожыным, Лукашэнка моцна прынізіў Пуціна. Лукашэнка апісаў, як яму ўдалося праз намесніка міністра абароны Расіі Юнус-Бека Яўкурава і дырэктара ФСБ Расіі Аляксандра Бортнікава выйсці на кантакт з раззлаваным Прыгожыным, які адмовіўся адказваць на тэлефонныя званкі Пуціна. Падрабязны аповед Лукашэнкі дэманструе, што ён паспяхова ўрэгуляваў крызіс у найбліжэйшым атачэнні Пуціна, чаго сам Пуцін зрабіць не змог. Хвальба Лукашэнкі сваёй здольнасцю маніпуляваць уплывовымі фігурамі ў найбліжэйшым атачэнні прэзідэнта РФ зневажальная для Пуціна, незалежна ад таго, праўда гэта ці не. Яшчэ больш зневажальны той факт, што Пуцін не аспрэчыў бачанне падзей Лукашэнкам і фактычна публічна падзякаваў яму, падкрэслілі ў ISW.
Эксперты кажуць, што і размяшчэнне расійскай ядзернай зброі ў краіне ў спалучэнні з прысутнасцю ПВК Вагнера Лукашэнка таксама можа выкарыстаць, каб супрацьстаяць кампаніі Крамля ў паглынанні Беларусі праз Саюзную дзяржаву. Прадэманстраваўшы, што ў Беларусі з’явілася новая магчымасць абараняць сябе незалежна ад Расіі і што, такім чынам, у дадатковых расійскіх базах на тэрыторыі краіны няма неабходнасці. Паказчыкам такога курсу дзеянняў будзе тое, ці дазволіць Лукашэнка большай колькасці расійскіх вайскоўцаў трэніравацца на беларускіх палігонах, мяркуюць аналітыкі. Іншым індыкатарам можа быць прамое абяцанне або адмова ад пастаянных базаў расійскіх сухапутных войскаў у Беларусі.
Сілавая гульня Пуціна, Лукашэнкі і Прыгожына яшчэ не завершаная і будзе мець кароткатэрміновыя і доўгатэрміновыя наступствы, якія могуць прынесці карысць Украіне, перакананыя ў ISW. З кароткатэрміновых:
— перадача цяжкай ваеннай тэхнікі Расгвардыі для ўнутранай бяспекі зменшыць колькасць зброі, якая магла б быць выкарыстаная ва Украіне;
— перадача цяжкай ваеннай тэхнікі ПВК Вагнера падраздзяленням Узброеных сіл РФ і расфармаванне яе структур «распыліць» сілы Вагнера і яны наўрад ці будуць разгорнутыя для ўзмацнення лініі фронту ва Украіне да правядзення рэарганізацыі.
На што яшчэ звярнулі ўвагу эксперты:
- украінскія сілы вялі контрнаступальныя аперацыі як мінімум на чатырох участках фронту і, як паведамляецца, 27 чэрвеня дамагліся поспехаў;
- расійскія і ўкраінскія войскі працягвалі абмежаваныя наземныя атакі на паўночны захад ад Сватава і на поўдзень ад Крамянной;
- украінскія афіцыйныя асобы сігналізуюць, што ўкраінскія сілы выкарыстоўваюць узброены мяцеж у Расіі і актывізуюць контрнаступальныя аперацыі ў раёне Бахмута па стане на 27 чэрвеня;
- украінскія сілы працягнулі контрнаступальныя дзеянні на мяжы Данецкай і Запарожскай абласцей.