Тэлеканал CNN паведаміў, што атрымаў два відэазапісы, як сцвярджаецца, забойства расійскімі вайскоўцамі байцоў УСУ, што здаліся ў палон. Яшчэ адно відэа публікуе ўкраінскі дзяржаўны праект «Хачу жыць».
Асцярожна! У тэксце прысутнічае відэа, якое можа вас шакаваць.
Апублікаваныя CNN відэа, як паведамляецца, былі знятыя ў Данецкай і Запарожскай абласцях.
На першым, знятым пад Пакроўскам у канцы жніўня гэтага года, трое байцоў УСУ з заведзенымі за галаву рукамі становяцца на калені пасярод пыльнай дарогі, а потым падаюць на зямлю.
Другое відэа, зробленае ў траўні, зафіксавала забойства ўзятых у палон украінскіх байцоў пад Рабоцінам. На ім расійскія вайскоўцы загадваюць вайскоўцам УСУ легчы тварам уніз пасля таго, як іх бліндаж быў захоплены, пасля чаго камандзір з пазыўным Турак аддае загад салдату з пазыўным Малы «абнуліць іх». Як адзначае CNN, аўдыёразшыфроўку перахопу гэтай размовы ім дала ваенная выведка Украіны.
Украінскі праект Каардынацыйнага штаба па пытаннях абыходжання з ваеннапалоннымі «Хачу жыць» не ўдакладняе, дзе і калі было зробленае апублікаванае імі 6 верасня відэа. Адзначаецца толькі, што яго распаўсюдзілі ў сеціве самі расіяне. Яно знятае з блізкай адлегласці, хутчэй за ўсё, на тэлефон аднаго з салдат арміі РФ, якія здзейснілі ваеннае злачынства (мы не публікуем яго з меркаванняў гуманнасці).
Упаўнаважаны па правах чалавека Вярхоўнай рады Украіны Дзмітрый Лубінец заявіў, што звярнуўся ў ААН і Міжнародны Чырвоны Крыж з нагоды фактаў імаверных забойстваў украінскіх ваеннапалонных. Гэтыя арганізацыі, на яго думку, павінныя прымусіць Расію выконваць нормы міжнароднага гуманітарнага права і фіксаваць кожнае парушэнне.
«Расстрэл расіянамі ўкраінскага ваеннапалоннага — гэта грубае парушэнне Жэнеўскіх канвенцый! Бо краіна, якая бярэ ў палон, павінная гарантаваць захаванне жыцця ваеннапалонным і адказвае за абыходжанне з імі», — нагадаў Лубінец.
Генеральны пракурор Андрэй Косцін паведаміў CNN, што яго ведамства расследуе 28 падобных выпадкаў, у якіх агулам з пачатку вайны загінулі 62 украінскія вайскоўцы.
«Калі ваеннапалонныя здаюцца, калі яны дэманструюць, што яны здаюцца, калі яны не маюць зброі ў руках, то расстрэл — ваеннае злачынства», — заявіў Косцін журналістам. Ён назваў гэтыя забойствы часткай арганізаванай палітыкі Крамля.
Міністэрства абароны Расіі не адказала на запыт CNN.