Афіцыйнай прадстаўніцы МЗС Расіі Марыі Захаравай падчас брыфінгу патэлефанаваў невядомы з указаннем «не каментаваць наогул» удару балістычнай ракетай па Дняпры. Праз уключаныя мікрафоны размову пачулі журналісты — гэты фрагмент трапіў на відэазапіс брыфінгу.
Званок пачуўся ў момант, калі Захарава абвясціла, што «з намі партал Newsru».
Прадстаўніца МЗС папярэдзіла, што ў яе брыфінг. Той звярнуўся да яе проста — «Маша»:
— Па «Южмашы» ўдар балістычнымі ракетамі, пра што заходнікі пачалі казаць, не каментуй наогул, — працягнуў суразмоўца.
— Так, добра, дзякуй, — адказала яму Захарава і паклала слухаўку.
Пазней, тлумачачы ТАСС тое, што адбылося, Марыя Захарава заявіла, што званок, які паступіў ёй у жывым эфіры брыфінгу, быў звязаны з удакладненнем у экспертаў тэмы для аднаго з каментароў.
— Перад брыфінгам былі пытанні ў сувязі з супярэчлівымі матэрыяламі ў інтэрнэце. Удакладніла ў экспертаў, ці нашая гэтая тэма. Адказ прыйшоў падчас брыфінгу: МЗС не каментуе. Так што інтрыгі ніякай няма, — запэўніла яна крамлёўскі рэсурс.
«Для дэманстрацыі магчымасцяў»
Паводле заявы камандавання Паветраных сіл Украіны, Расія раніцай 21 лістапада нанесла ўдар міжкантынентальнай балістычнай ракетай па горадзе Днепр. У гэтым горадзе знаходзіцца завод «Южмаш» — буйное ўкраінскае прадпрыемства па вытворчасці ракетна-касмічнай тэхнікі і іншай навукаёмістай прадукцыі.
«Паводле інфармацыі з месца, шасцю ўдарамі РС-26 (ракетны комплекс стратэгічнага прызначэння „Рубеж“ з міжкантынентальнай балістычнай ракетай. — Заўв. рэд.) цалкам разбураны завод „Южмаш“, дзе рамантавалі падбітыя амерыканскія БМП Bradley і нямецкія танкі Leopard», — напісаў тэлеграм-канал Mash.
Аўтары канала са спасылкай на экспертаў заявілі, што «хутчэй за ўсё, на „Южмаш“ звалілася мадэрнізаваная міжкантынентальная балістычная ракета — ракета-носьбіт ядзернай зброі з вынятай ядзернай часткай і замененай на фугасныя баявыя часткі. Арыентавана — масай некалькі тон. Або пустышка — для дэманстрацыі магчымасцяў».
Мінабароны Расіі афіцыйна інфармацыю пра нанясенне ўдару па Украіне ракетай «Рубеж» не каментавала.
— Сёння была новая расійская ракета. Усе характарыстыкі — хуткасць, вышыня — міжкантынентальнай балістычнай. Цяпер працягваюцца экспертызы. Відавочна, што Пуцін выкарыстоўвае Украіну як палігон. Відавочна, што Пуцін баіцца, калі побач з ім проста ёсць нармальнае жыццё. Калі людзі проста маюць годнасць. Калі краіна проста хоча быць і мае права быць незалежнай, — выказаўся з нагоды ўдару па Дняпры прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі.
21 лістапада ва Украіне адзначаюць Дзень годнасці і свабоды.