Галоўнае ўпраўленне выведкі Мінабароны Украіны 8 красавіка расказвала пра пажар на ракетным караблі «Серпухаў». Тады ўпраўленне не казала пра сваю датычнасць да пажару, але публікавала відэа і адзначала, што на аднаўленне працаздольнасці судна спатрэбіцца шмат часу. У сераду, 3 ліпеня, на прэс-канферэнцыі ў Кіеве ГУВ пацвердзіла, што мае дачыненне да дыверсіі на караблі, і раскрыла падрабязнасці. Аказалася, ім дапамог расійскі матрос.

«Серпухаў» — малы ракетны карабель праекту «Буян-М», спушчаны на ваду вясной 2015 года. З 2017 года быў у складзе расійскага Балтыйскага флоту. Паводле звестак з адкрытых крыніц, карабель абсталяваны сістэмай вертыкальнага пуску для васьмі крылатых ракет «Онікс», у перспектыве 3М22 «Цыркон», а таксама «Калібр», што дазваляе гэтым ракетам паражаць наземныя цэлі на адлегласці да 1500 км (з няядзернай боегалоўкай), па іншых звестках — да 2000 км. 7 красавіка 2024 года на караблі здарыўся пажар. Гэтую інфармацыю на наступны дзень пацвердзіла ГУВ Мінабароны Украіны, дадаўшы, што ўнутры карабля цалкам знішчаныя сістэмы сувязі і аўтаматызацыі. Сёння ўкраінскі бок афіцыйна заявіў аб сваёй датычнасці да дыверсіі і прыадкрыў падрабязнасці спецаперацыі.
Тэма прэс-канферэнцыі да самага яе пачатку захоўвалася ў таямніцы. Ужо калі журналісты прыйшлі ў залу, стала зразумела, што гаворка пойдзе пра дыверсію на расійскім ракетным караблі «Серпухаў».
Арганізатары прадэманстравалі кароткі відэаролік з кадрамі выбуху ў рубцы расійскага ракетнага карабля, падкрэсліўшы значнасць аперацыі тым, што «Серпухаў» нёс на сабе ракеты «Онікс» і «Калібр», якімі расійскія войскі сістэматычна абстрэльваюць тэрыторыю Украіны.
— Карабель «Серпухаў», які заступіў на баявое дзяжурства ў 2015 годзе, выведзены са строю як мінімум на паўгода, — адзначыў прадстаўнік ГУВ Украіны Андрэй Юсаў.
Ён расказаў, што пажар на караблі — частка ўкраінскай спецаперацыі «Рыбалка», якая цягнецца з 2023 года. Ажыццявіць яе дапамог былы вайсковец Балтыйскага флоту ВМФ Расіі, матрос з пазыўным Гога.
Мужчына нарадзіўся ў Калінінградскай вобласці, у сям'і вайскоўцаў. Ён таксама вырашыў стаць мараком і так трапіў у ВМФ Расіі, дзе праслужыў 11 гадоў.
— У 2022 годзе, калі пачалася поўнамаштабная вайна, — гаворыць Гога, — гэта стала шокам для мяне. На караблі, дзе я служыў, я быў адзіным, хто не падтрымліваў вайну. Я намагаўся патлумачыць экіпажу, што гэта няправільна. А ў адказ чуў пра «Крым 2.0», пра вызваленне Украіны ад нацыстаў. Я быў з гэтым катэгарычна не згодны, не хацеў сябе больш асацыяваць з расійскай арміяй, таму паспрабаваў звольніцца: напісаў рапарт аб тым, што не магу служыць у арміі, якая ваюе ў чужой краіне, — камандзір быў у шоку. Ён адразу мяне адправіў на псіхалагічны агляд, а рапарт перадаў у пракуратуру і ФСБ — ва ўсе інстанцыі, каб высветліць, што са мной рабіць далей.

На марака завялі справу, але — што яго здзівіла — толькі адміністрацыйную. А ўрэшце, прыгразіўшы кепскімі наступствамі, спынілі далейшы ход справы, пакінулі хлопца працаваць ва флоце. Тым не менш Гога не пакідаў спробаў сысці са службы.
— Я праз суд намагаўся звольніцца, але не атрымалася. Я быў у адчаі. Маім рашэннем было звязацца з Легіёнам «Свабода Расіі». Мы выйшлі на сувязь, абмеркавалі мае далейшыя дзеянні: як я магу быць карысны. Аказалася, што мне падыходзяць дыверсійныя аперацыі, — смеючыся, тлумачыць вайсковец. — І ў пэўны час я выканаў падпал памяшкання на караблі, забраў з сабой сакрэтныя дакументы і пакінуў карабель, таксама і расійскую тэрыторыю, у чым мне дапамог праект «Хачу жыць».
Пасля гэтага Гога стаў чальцом добраахвотніцкага легіёну «Свабода Расіі», які ваюе на баку Украіны.
— Цяпер я ва Украіне, прайду навучанне, пачну змагацца з пуцінскім рэжымам са зброяй у руках, — кажа мужчына.
Спікер праекта «Хачу жыць» Віталь Мацвіенка адзначае, што эвакуацыя Гогі была не менш складанай часткай, чым сама дыверсія.
— Да нас звярнуліся прадстаўнікі Легіёну «Свабода Расіі», папрасілі дапамогі, каб вывезці іх агента з Калінінградскай вобласці, — гаворыць Мацвіенка. — Гэта аперацыя была вельмі складанай: трэба было тэрмінова даставіць чалавека з Калінінградскай вобласці ва Украіну.

Вядома, падрабязнасцяў спікер не раскрыў з меркаванняў бяспекі: падобныя калідоры працягваюць выкарыстоўвацца. Ён падкрэсліў, што ў праект «Хачу жыць» звяртаюцца не толькі расійскія ваенныя, але і простыя людзі, якія маюць намер далучыцца да добраахвотніцкіх падраздзяленняў ва ўкраінскай арміі:
— Па статыстыцы, станам за два гады мы маем больш чым 300 паспяховых аперацый, каля 36 000 зваротаў на нашыя каналы, недзе 1000 аперацый зараз у гарачай фазе, кожная з іх патрабуе час на падрыхтоўку і з’яўляецца складанай і небяспечнай, — тлумачыць Мацвіенка.
«Люстэрка» ўдакладніла, ці працуе праект з беларускімі вайскоўцамі, якія хацелі б перайсці на бок Украіны.
— Што тычыцца Беларусі, то ад пачатку поўнамаштабнага ўварвання на тэлефоны гарачай лініі праекта «Хачу жыць» звярталіся таксама і беларускія вайскоўцы, інфармацыя ў нас захавалася, іх анкеты ёсць. Але станам на зараз гаворка ідзе найперш пра расійскіх ваеннаслужачых. Калі нейкая небяспека будзе з боку Беларусі, то пытанне будзе падымацца…

— Безумоўна, у Украіны і Беларусі зараз складаныя ўзаемаадносіны, але ж гэта зусім іншае, чым справа з РФ як з дзяржавай-агрэсарам і яе акупацыйнай арміяй. Таму «Хачу жыць», як і іншыя дзяржаўныя праграмы, арыентаваны ў першую чаргу на армію агрэсара і грамадзян РФ, калі грамадзяне іншых дзяржаў апынаюцца ў складзе арміі агрэсара, то мы можам разгледзець заяўкі ўсіх, але гаворка ідзе менавіта пра расійскую армію, гэта прынцыповае пытанне.